Аб'ектыў 06.03.2018 Як Лукашэнка перамагае алімпійцаў у розных відах спорту


Што ні дзень, то спартовае дасягненне асабіста Аляксандра Лукашэнкі. У суботу ягоная каманда ўзяла ажно пятую перамогу ў Рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі – 10:5. У нядзелю Лукашэнка абагнаў і «перастраляў» у біятлон алімпійскіх чэмпіёнаў. А сёння разам з алімпійскай гімнасткай Алінай Кабаевай – блізкай сяброўкай Уладзіміра Пуціна – урачыста адкрыў Палац гімнастыкі ў Менску.

«Лашадзіны спорт, карысны для мужыкоў»

Свой паказальны выступ на спаборніцтвах «Снежны снайпер» – разам з сынам Колем, чэмпіёнкай Дарʼяй Домрачавай і іншымі спартоўцамі – Лукашэнка тлумачыць прапагандай спорту. А біятлон для яго – цытата – «гэта лашадзіны спорт, асабліва карысны для мужыкоў».

«З нашымі алімпійскімі чэмпіёнкамі мы дамовіліся, што народ мусіць іх пабачыць пасля бліскучай перамогі. Ну а я хіба мог застацца ў баку?», – патлумачыў кіраўнік Беларусі.

У спорце ўсе роўныя! Але некаторыя – раўнейшыя

На агнявым рубяжы ўсе спартоўцы стралялі лежачы ці стоячы, а ў Лукашэнкі была адмысловая падстаўка. Як патлумачыў у эфіры каналу АНТ галоўны суддзя «Снежнага снайпера» Аляксей Айдараў, кіраўнік краіны мае траўму калена, што і стала прычынай зʼяўлення адмысловай лавы з дываном.

Лукашэнка аказаўся найлепшым стралком

Такія спаборніцтвы выклікаюць толькі пачуцце сораму, кажа спартовы каментатар з 20-гадовым стажам.

«Калі ён выбіў 20 з 20-ці, а алімпійскі прызёр 12 з 20-ці – гэта кажа пра ўзровень беларускіх спартоўцаў», – даводзіць Уладзімір Даўжэнка.

У тым ліку сорамна за прафесійных спартоўцаў, якія так брудна падгульваюць Лукашэнку.

«Можа, у Айдарава скончыліся грошы. Домрачавай мо мала стала 75 тысячаў долараў. З іншага боку, яны разумеюць, што калі скажуць пару словаў супраць, то іх выкінуць», – дадаў спартовы журналіст.

«Гуляў Лукашэнка па-калгаснаму»

Кіраўнік Беларусі выкарыстоўваў брудныя метады гульні яшчэ як быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ў 90-я, распавёў «Белсату» Сяргей Антончык. Але тады дэпутацкая каманда па футболе не надавала гэтаму вялікага значэння

«Гуляў Лукашэнка па-калгаснаму: бей-бяжы… Калі ты яго фінтом абыграў, то ён цябе дагоніць і дасць па нагах. Калі каманда выйграе, то і ён гуляе. А калі прайграе, то ён гуляць не хацеў. Мог сказаць, што баліць спіна-нага-галава. Кінуў і пайшоў», – сведчыць Антончык.

А як Лукашэнка стаў кіраваць дзяржавай, то прайграваў хіба што ў тэніс – Барысу Ельцыну. А так – пераможца і ў футбол, і ў хакей, і на лыжах. Прапаганду правадыра пад выглядам прапаганды спорту праводзяць і іншыя аўтарытарныя кіраўнікі, у тым ліку Уладзімір Пуцін і Рамзан Кадыраў. Падчас спартовых імпрэзаў заўжды ідзе праслаўленне мудрага і заўжды маладога-спартовага лідара. Увесь свет з прэзідэнтаў-чэмпіёнаў смяецца, пра дыктатараў здымаюць камедыі. А беларусы ў гэтай трагікамедыі жывуць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: BelTA / president.gov.by

Глядзі таксама
Каментары