Аб'ектыў 12.12.2017 Як кіраўніцтва спецшколаў калечыць складаных падлеткаў


Яны меліся дапамагаць праблемным дзецям вярнуцца да нармальнага жыцця. Але педагогіка замянілася катаваннямі. Цяпер Магілёўскай спецвучэльняй акрытага тыпу № 2 займаецца Следчы камітэт. А ўсё пасля таго, як аднаму з навучэнцаў зламалі хрыбет, а яшчэ пяцярых жорстка збілі пасля спробы падлеткаў уцячы – факт гвалту пацвярджае следства. Дырэктар і ягоны намеснік змешчаныя пад варту.

Магілёўская абласная дзіцячая больніца, траўматалагічна-артапедычнае аддзяленне. Тут ляжыць шаснаццацігадовы падлетак спецвучэльні з кампрэсійным пераломам цела першага паяснічнага пазванка.

Загадчык Аддзялення Міхаіл Міховіч даводзіць, што ніякіх іншых траўмаў не выявілі, не было нібыта і скаргаў на збіццё.

Маці пацярпелага кажа зусім іншае

«Сын распавёў, што яго спачатку адзін раз ударылі, ён упаў. А потым, калі ўдарылі ў спіну, яму забалела, ён закрыў яе рукамі. Білі ўдвох, нагамі. Зранку ў панядзелак, мне следчая распавяла, гэтых шасцёх на распараджэнне дырэктара асобна ад усіх павялі на сняданак, каб астатнія дзеці іх не бачылі. І толькі ў аўторак, калі сын, як ён тлумачыў мне, ужо не мог ісці – гэтак яму было балюча – яго павезлі ў шпіталь», – падзялілася маці падлетка з парталам «TUT.BY».

Пазіцыя следства

Паводле артыкулу «Перавышэнне службовых паўнамоцтваў» у дачыненні дырэктара спецустановы і ягонага намесніка завялі крымінальныя справы, абодва змешчаныя пад варту. Справаю займаецца ўпраўленне Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці.

«Абвінавачаныя, высвятляючы ў шасцярых выхаванцаў установы адукацыі, якую яны ўзначальваюць, абставіны і прычыны самавольнага сыходу з тэрыторыі вучылішча, збілі непаўналетніх, а потым арганізавалі незаконная размяшчэнне іх у пакой, чым абмежавалі іх свабоду. Сумесныя, супрацьпраўныя дзеянні абвінавачаных, спалучаныя з гвалтам, прывялі да цялесных пашкоджанняў шасцярым няпоўнагадовым. Адзін з каторых 2001 года нараджэння шпіталізаваны», – заявіла Аксана Салянюк з УСК па Магілёўскай вобласці.

Мінадукацыі дало інфармагенцыі «Белта» іншы каментар

«Са спецвучэльні закрытага тыпу гораду Магілёва былі здзейсненыя ўцёкі шасцярых выхаванцаў. Ва ўстанове выхоўваюцца падлеткі, якія здзейснілі крымінальныя злачынствы і іншыя супрацьпраўныя дзеянні. У часе ўцёкаў, скачучы праз плот, адзін з іх атрымаў траўму хрыбетніка», – пракаментавалі справу ў Міністэрстве.

У каментары Мінадукацыі падкрэсліваецца нядобранадзейнасць падлеткаў ды нават здымаецца віна з катаў-педагогаў. А пра жахі гэтай закрытай установы журналістам вядома нямала.

«Час ад часу былі адтуль уцекачы. І гэтыя хлопцы нам распавядалі, як там здзекаваліся з іх. Быў хлопчык, які збег і знаходзіўся тут у нас, у Менску, на Акрэсціна, дык вось ён казаў, што ён баіцца больш за ўсё таго, што яго ізноў туды вернуць. І ён казаў, што там горш за ўсё даводзіцца дзецям сіротам, у якіх няма бацькоў, якія б маглі падаць скаргу», – даводзіць журналістка Любоў Лунёва.

Афіцыйна ўсё гучыць прыгожа

На інтэрнэт-старонцы Магілёўскае спецвучэльні можна знайсці кранальнае відэа, дзе паказана, як установа робіць усё, каб цяжкія падлеткі маглі вярнуцца да нармальнага жыцця.

Гвалт у закрытых установах Беларусі – тое, пра што крычаць праваабаронцы. Пра жахлівыя ўмовы і катаванні распавядаюць вязні турмаў. Пра самазабойствы салдат у сумнавядомых Печах і не толькі хіба ведае ўжо кожны. Цяпер – і катаванні дзяцей у спецустанове. А ўсё таму, што ў закрытых установах абмежаваны кантроль.

«Людзі, якія там працуюць, гэта асобы, якія дэградуюць маральна, у якіх прагрэсуюць садысцкія нахільнасці. А ў выніку мы бачым, што гэта выліваецца не проста ў жорсткае і бесчалавечнае стаўленне, гэта выліваецца ў здзекі, катаванні, гэта можна параўноўваць нават да фашысцкае пенітэнцыярнае сістэмы», – упэўнівае праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

І толькі калі пачынаецца рэзананс у медыях і справы трапляюць на найвышэйшы ўзровень, адпаведныя міністэрствы робяць касметычныя змены, часта замятаючы справы пад дыван. Толькі вось нязменная застаецца самая сістэма.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: news.kmvcity.ru

Глядзі таксама
Каментары