Напярэдадні 9 траўня «Наша ніва» зрабіла гутарку з беларускімі ветэранамі другой сусветнай ды вязнямі канцлагераў – пра вайну ды беларускую рэчаіснасць.
«У некаторых пенсіі ж малыя, мільён, 180-200 рублёў, як на іх пражыць?».
«Вось прынясу кветкі прадаць, ці шкарпэткі, ці буркі пашыю – трэба заплаціць падатак. Есць закон, да якіх год трэба падатак плаціць? Да ста гадоў я можа буду жыць, дык і да ста буду плаціць? Кажуць – будзеш плаціць? Я кажу – не буду. Не буду. Напішу зноў Лукашэнку».
– скардзяцца на нялюдскія ўмовы жыцця беларускія ветэраны.
Летась Лукашэнка прыязджаў у дом-інтэрнат для ветэранаў «Світанак» пад Менскам – і, з яго словаў, для ветэранаў вайны і працы ў краіне робіцца ўсё неабходнае.
«У Беларусі толькі лянівы не можа зарабіць. Узгадайце вашыя часы – кожны думаў як выжываць, таму дзяржава будзе клапаціцца пра старыкоў, пра якіх няма каму клапаціцца», – абяцаў кіраўнік Беларусі.
Пенсіі сапраўды растуць, так, сёлета Міндзяржсавет прызначыў ветэранам вайны новыя даплаты, аднак грошай з падвышэннем коштаў усё адно не хапае.
На сёння ў Беларусі засталося амаль 11 тысяч ветэранаў або інвалідаў Вялікай айчыннай вайны ды 18 тысяч былых вязняў нацысцкіх канцлагераў, турмаў і гета – і гэта без уліку вязняў савецкага ГУЛАГу ды салдатаў, для якіх вайна пачалася не ў 41-ым, а ў 39-ым годзе.
Настасся Храловіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum