Аб'ектыў 09.01.2018 Як Беларусь зарабляе шалёныя грошы на рээкспарце фарэлі


Беларусь увайшла ў тройку сусветных лідараў у імпарце фарэлі з Нарвегіі, пра гэта сведчаць звесткі Нарвежскай рады па морапрадуктах. Агулам у 2017-ым Нарвегія экспартавала 40 тысячаў тонаў фарэлі амаль на 3 млрд нарвежскіх кронаў, галоўнымі пакупнікамі сталі Японія, Беларусь і ЗША.

Куды ідзе купленая ў Нарвегіі чырвоная рыба?

Паводле экспертаў, гэта не першыя ўскосныя доказы таго, што Менск эфектыўна зарабляе на расейскім харчовым эмбарга. Харчы, якія праз санкцыі не могуць наўпрост з заходняй Еўропы пастаўляцца на расейскі рынак, ідуць у Беларусь, перапрацоўваюцца і ўжо як беларускі тавар накіроўваюцца на ўсход.

«У пераліку на тону прадукцыі найбольш прыбытковым з’яўляецца рээкспарт рыбы. Мы купляем па 2000 долараў за тону, а перапрадаем па 4000», – тлумачыць схему эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Краіна кантрабанды

Пасля таго, як з пачатку 2016-га Расея адмовілася купляць турэцкія таматы, Беларусь раптам павялічыла іх імпарт у 6 разоў і стала сусветным лідарам сярод пакупнікоў турэцкіх памідораў. А калі паглядзець з 2012 года, то паводле Белстату імпарт турэцкіх таматаў у Беларусь вырас у 12 разоў.

Яшчэ адзін знакавы прыклад польскія яблыкі. Да санкцыяў польскія фермеры пастаўлялі ў расейскія крамы амаль палову ўраджаю, да 750 тонаў штогод. Пасля санкцыяў імпарт польскіх яблыкаў у Беларусь вырас у 4 разы.

«Калі б у нас былі дадзеныя, колькі мы зарабілі на рээкспарце, гэта быў б артыкул крымінальнага кодэксу і санкцыі з боку Масквы, таму такой статыстыкі ніхто не вядзе, як ніхто не вёў статыстыку па продажы бензіну пад выглядам разбаўляльнікаў», – даводзіць эканаміст Леанід Заіка.

Еўрапейскія вытворцы ідуць у суд

Брусель афіцыйна звярнуўся да Сусветнай гандлёвай арганізацыі з просьбаю выставіць рахунак Расеі на € 1,4 млрд за харчовыя эмбарга.

Час ад часу «Рассельгаснагляд» вінаваціць беларусаў у парушэнні тэхналагічнага ланцуга ў мяса-малочнай і рыбнай прамысловасці. Але ў суме экспарт той жа рыбы з Беларусі ў Расею ў 16-ым годзе прынёс бюджэту столькі ж, колькі і прадукцыя МТЗ.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары