У Менску адбыўся традыцыйны «Чарнобыльскі шлях». Сёлетнюю акцыю менскія ўлады дазволілі правесці паводле знаёмага маршруту – ад кінатэатру «Кастрычнік» да плошчы Бангалор.
«Чарнобыльскі шлях падтрымліваюць усе, у тым ліку адпаведная заява зʼявілася ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу. І вось гэтае абʼяднанне – вельмі важнае, бо дае падставы, што апазіцыя ў будучым абʼяднаецца», – падкрэсліў актывіст Вячаслаў Сіўчык.
Перад пачаткам акцыі яе арганізатары заявілі, што пачаткова зацверджаны план змяняецца – замест мітынгу на плошчы Бангалор яго правялі на пляцоўцы каля Акадэміі навук.
Затое арыгінальны перформанс зладзілі прадстаўнікі экалагічнай арганізацыі «Зялёная сетка».
«Падобнымі акцыямі мы прыцягваем увагу і да падзеяў 30-гадовай даўніны і адначасова да пабудовы Астравецкай АЭС, бо гэта, магчыма, наступны Чарнобыль», – даводзіў старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Удзельнікі сёлетняга «Чарнобыльскага шляху» патрабавалі не толькі спынення будаўніцтва беларускай АЭС, але і эканамічных рэформаў ды вызвалення ўсіх палітвязняў, у тым ліку ў справе патрыётаў.
«Сённяшні Чарнобыльскі шлях – гэта яшчэ і Астравецкі шлях. Гэта шлях ад Чарнобыля экалагічнага да Чарнобыля палітычнага. Таму што калі ў цэнтры сталіцы чорна ад спецназу, гэта Чарнобыль палітычны. Калі сядзяць за кратамі патрыёты – гэта палітычны Чарнобыль», – мяркуе сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Пасля мітынгу ды прыняцця адпаведнай рэзалюцыі калона ў складзе некалькіх соцень удзельнікаў рушыла па праспекце Незалежнасці ды вуліцы Сурганава ў бок плошчы Бангалор, каб ускласці кветкі да Чарнобыльскай капліцы ў памяць пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Паралельна ў Кіеўскім скверы Кансерватыўна-хрысціянская партыя «Беларускі народны фронт» зладзіла сваю акцыю, таксама дазволеную ўладамі, да якой пазней далучылася частка тых, хто ішоў ад кінатэатру «Кастрычнік».
Наступны пратэставы дзень для апазіцыі – 1 траўня. У гэты дзень запланаваныя дзве акцыі: першую ладзяць незалежныя прафсаюзы, другую – лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч.
Віталь Бабін, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum