Доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская з Берасця сабрала за сваё вылучэнне ў склад участковай камісіі больш за дзясятак подпісаў. Аднак трапіць усё адно не здолела. Паводле чыноўнікаў з адміністрацыі Маскоўскага раёну абласнога цэнтру, праз адсутнасць досведу.
Прыклад з невылучэннем Ірыны далёка не адзіны. З 13-ці вылучаных прадстаўнікоў партыі «Справядлівы свет» у склад выбарчых камісіяў Берасця трапілі толькі два. А на 110 участковых выбаркамаў Маскоўскага раёну Менску месца для апазіцыі ўвогуле не знайшлося. Колькі ж агулам чалавек трапілі ў гэткія камісіі, інфармацыі на гэты конт у ЦВК пакуль не маюць.
Аднак сюрпрызаў чакаць не варта: ужо паводле першых звестак можна казаць, што фармаванне выбаркамаў прайшло гэтак жа прадказальна, як і падчас мінулых кампаніяў.
«Моцныя, падрыхтаваныя прэтэндэнты не трапляюць ва ўчастковыя камісіі. Гэта азначае толькі адное – улада мае такую нізкую папулярнасць, такую нізкую прыступку, што яна баіцца, што стане вядома, як рэальна галасуюць людзі», – зазначыў лідар Аб’яднанае грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька.
Гэтак, прэтэндэнты на дэпутацкае крэсла ад кампаніі «Гавары праўду» ўжо сабралі агулам прыблізна 11 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне. Адзін з лідараў кампаніі, Таццяна Караткевіч, назбірала іх ажно ўдвая болей, чымся патрэбна – больш за тры сотні. Наперадзе каманду «Гавары праўду» чакае чарговы этап выбарчае кампаніі – рэгістрацыя кандыдатаў і агітацыя.
Не зважаючы на малацікавую для выбарнікаў кампанію-2018, асобныя кандыдаты ўжо зрабілі шмат для таго, каб яна сталася прынамсі запамінальная. Як, напрыклад, вядомы блогер з Акцябрскага Андрэй Павук, які збіраў за сябе подпісы і адначасова развязваў праблему мясцовых дарог.
Адметна і тое, што сёлета на выбары ідзе шмат моладзі: сярод магчымых кандыдатаў – 21-гадовая выпускніца БДЭУ Наталля Навумава, беспрацоўны з Менску Міхаіл Зуевіч, адзін з кіраўнікоў руху «Дзея» Пятро Маркелаў ды старшыня каардынацыйнае рады БДУ Вольга Цесакова. Уласна мясцовыя выбары ў Беларусі пройдуць роўна праз паўтара месяца – 18-га лютага.
Віталь Бабін, «Белсат»