Яўген Меркіс, журналіст:
Сваёй віны я не прызнаў паколькі права на збор і распаўсюд інфармацыі гарантавана канстытуцыяй, а ў гэтых гарадах я як журналіст не мог не прысутнічаць, паколькі нам неабходна ведаць што адбываецца ў нашай краіне, чаму людзі выходзяць што іх абурае
Нязгодных жа з палітыкаю кіраўніцтва краіны працягваюць затрымліваць і судзіць, чарговы суд над Наталляю Папковай адбыўся ў Берасці. Учора актывістцы аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і «Маладой Беларусі» прысудзілі штраф за пераход праз вуліцу ў нявызначаным месцы. Сёння працэс працягнулі ды асудзілі за непадпарадкаванне міліцыянтам, якія яе затрымлівалі.
Пасля актыўнага ўдзелу ў акцыях «недармаедаў» Наталлю Папкову каралі соднямі арышту, штрафамі ды нават вазілі ў псіхіятрычную лякарню. Праваабаронцы лічаць, што ўлады адмыслова імкнуцца паказаць апазіцыянераў у непрывабным святле. А міліцыя даўно не выконвае сваёй функцыі абаронцы закону.
На волю выйшаў апошні вязень, арыштаваны за адзначэнне Дня Волі ў Менску, – Леанід Кулакоў. Яго пакаралі найдаўжэйшым арыштам – 25 содняў. Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавых акцыяў, а таксама ў супраціве і непадпарадкаванні патрабаванням службовых асобаў.
Леаніда Кулакова сустракалі палітыкі, грамадскія актывісты і сябры. Адразу ж яму перадалі новыя позвы – ужо праз два дні актывіста зноў чакае суд.