Аб'ектыў 25.09.2017 Вяскоўцы з Магілёўшчыны не дачакаліся камунальнікаў і самі адрамантавалі дарогу


Выратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў. Так мяркуюць вяскоўцы на Магілёўшчыне. У адзін дзень мужчыны і жанчыны, сталыя і малыя пабралі ў рукі рыдлёўкі, каб талакой адрамантаваць дарогу ў сваёй вёсцы. Што праўда, матэрыялы і тэхніку ім выдзелілі камунальнікі. Як ідзе кампрамісны дарожны рамонт – у нашым матэрыяле з-пад Магілёву.

Жыхары вёскі Севасцянавічы Магілёўскага раёну стаміліся чакаць, пакуль камунальныя службы адрамантуюць ім дарогу, і самі вырашылі зрабіць ямачны рамонт. Кожны жыхар вуліцы Цэнтральная ўзяў у рукі рыдлёўку ды выйшаў на ранішнія працы.

Асфальтавая дарога ў вёсцы пачала распаўзацца тры гады таму – калі на вуліцы Цэнтральная правялі каналізацыю. З той пары і дагэтуль добрая дарога стала цалкам разбітая. Жыхары вёскі нават не мараць, каб замяніць асфальтавае пакрыццё, ім – хоць бы ямы пазалатваць.

Ініцыятыву жыхароў адрамантаваць дарогу падтрымала інфармацыйная ўстанова «Магілёўскі цэнтр бяспекі руху». Старшыня гэтага цэнтру – Ілля Палоннікаў – мае лецішча ў вёсцы. Ён і вёў перамовы з камунальнымі службамі з траўня месяца.

«Стаміўшыся ад пустых абяцанняў, жыхары вырашылі пайсці на кампраміс з камунальнікамі і дамовіліся, каб тыя забяспечылі тэхніку і матэрыялы, а самі вяскоўцы заменяць працоўную сілу», – распавядае Ілля Палоннікаў.

Усяго ў вёску Севасцянавічы навезлі 60 тонаў матэрыялаў і далі тэхніку на адзін дзень. Гэтага хапіла, каб адрамантаваць сваймі сіламі палову вуліцы. Цяпер патрэбна яшчэ столькі ж матэрыялаў і тэхнікі, каб скончыць працу.

Лепей так, чым ніяк – мяркуюць жыхары вёскі. І лічаць, што ініцыятыву трэба браць ва ўласныя рукі, каб хоць нейкім чынам палепшыць сваё жыццё.

Алеся Шчарбакова, Магілёў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары