Аб'ектыў 21.04.2018 Вяскоўцы аддаюць па Br 60 за вываз смецця – і нават не свайго


Ад 40 да 60 рублёў за вываз смецця – такія лічбы з’явіліся ў жыроўках некаторых жыхароў вёскі Варганы. Адкуль бяруцца гэткія вялікія сумы ды ці ўсе плоцяць за смецце – вяскоўцы самастойна разабрацца не могуць, а камунальнікі дапамагчы не асабліва стараюцца.

Жыхары вёскі Варганы Докшыцкага раёну незадаволеныя тым, як у іх зарганізаваны вываз смецця. Дакладней, не самім працэсам вывазу, а тым, як з іх бяруць плату за гэтую паслугу.

Смецце ў вёсцы вывозяць двойчы на месяц. У вызначаныя дні прыходзіць трактар, вяскоўцы выстаўляюць мяхі, рабочыя іх згружаюць на прычэп і вывозяць на сметнік.

Такі парадак вывазу смецця дзее з ліпеня 2016-га года, калі з вяскоўцамі заключылі адпаведныя дамовы. Але не з усімі.

«Разумееце, каго злавілі – з тымі заключылі дамову, а хто не адкрыў – той не адкрыў», – кажа жыхарка Варганоў Таісія Вайцяховіч.

У Докшыцкім раённым упраўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі патлумачылі, што плату за вываз смецця налічваюць незалежна ад наяўнасці дамовы.

Таццяна Галавач з Докшыцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства ЖКГ «Докшыцы-камунальнік» кажа, што нават калі дамовы не заключаныя з усімі грамадзянамі, гэта не з’яўляецца падставай каб ім не налічваць.

«Абсалютна ўсім грамадзянам якія жывуць у вёсцы Варганы, якія афіцыйна зарэгістраваныя, праводзяцца налічэнні», – сказала «Белсату» Таццяна Галавач па тэлефоне.

Вось толькі вяскоўцы наракаюць, што разабрацца з тым, каму і за што налічваюць, – вельмі складана.

«У дамове напісана: 1 чалавек. І плачу за аднаго чалавека. Прыходзяць паперы – запазычанасць 64 000. Аказваецца аплочваю смецце за чужых людзей. У іх прапісана 4 чалавекі», – распавядае жыхарка Варганоў Антаніна Лібоза.

«Калі напрыклад плаціла ў 12м месяцы і плачу ў першым і тут жа вылазіць пеня. Адкуль яна ўзялася гэтая пеня?» – пытае Таісія Вайцяховіч.

У канторы ЖКГ, размешчанай за дваццаць кіламетраў ад Варганоў у Докшыцах, наведнікаў пасылаюць з аднаго кабінету ў другі, сцвярджаюць вяскоўцы.

Магчыма, працаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і маюць рацыю ў налічэннях, але не давялі інфармацыі да жыхароў. А незадаволенасць вяскоўцаў і блытаніна ў разліках – вынік таго, што ні мясцовыя ўлады, ні дэпутаты не цікавяцца людзьмі ды іхнымі праблемамі.

Ірына Дарафейчук

Глядзі таксама
Каментары