Віцябляне ў шоку. Хацелі паліклініку, пабудуюць Палац шлюбаў


У інвестыцыйнай праграме Віцебску на 2017 год першым пунктам запланаванае будаўніцтва Палацу шлюбаў.

Але ці гэта аб’ект першай неабходнасці для жыхароў гораду?

«Людзі цяпер рэгіструюць шлюб і з’язджаюць у вясельнае падарожжа без гасцей, вяселля. З’яўляецца гэта першай неабходнасцю думаю што не».

«Канешне не, хапае ў кожным раёне, плюс цэнтральны ЗАГС ».

– кажуць віцябляне.

Нашмат больш актуальнае пытанне лячэбных комплексаў

Чыноўнікі штогод абяцаюць, але абяцанні часта ператвараюцца ў даўгабуды. Гэтак, будаўніцтва паліклінікі, жаночай кансультацыі і стаматалагічнага аддзялення больш як для тысячы наведнікаў мікрараёну «Поўдзень-7А» было распачатае ў 2010 годзе, але не скончанае і да сёння. І гэта не адзіны выпадак. Шэраг лячэбна-аздараўленчых аб’ектаў гораду надалей чакае завяршэння будаўніцтва.

Жыхары чакаюць ад уладаў рэальных крокаў

І распавядаюць, чаго ў горадзе ім сапраўды не хапае.

«Мікрараён Білева вельмі вялікі, забудаваны, але толькі адна школа. І адпаведна паліклінікі, школы, дзіцячыя сады».

«Я б паболей адкрыла бы спартовых комплексаў, басейн да прыкладу».

«Аквапарк для дарослых, для дзяцей, для адпачынку, для сям’і».

«Арэлі, каруселі, горкі, але, каб бясплатныя, бо тут няма такога. Вось тут побач усё платнае».

«Канешне патрэбна дзе-небудзь у Білева будаваць дзіцячыя сады, бо там іх мала і людзі пакутуюць. Паліклінікі – гэта важна».

– падзяліліся жыхары гораду.

«Такое ўражанне, што Гарвыканкам жыве сваім жыццём»

Сапраўды, у адным з самых праблемных мікрараёнаў гораду Білева на 10 тысячаў дзяцей толькі адна школа, два дзіцячыя садкі і ніводнай паліклінікі. Каб выправіць сітуацыю, актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі сабралі больш за 10 тысяч подпісаў жыхароў гораду і адправілі іх у Міністэрства аховы здароўя, мясцовы гарвыканкам і гарадскі савет дэпутатаў.

«Такое ўражанне, што Гарвыканкам жыве сваім жыццём, а людзі сваім. Шлюб зарэгістравалі, а далей пачынаюцца праблемы, дзе лекавацца, дзе ў садок хадзіць, а не вазіць дзяцей у Цмютаракаць з тых жа раёнаў як Білева, які цяпер моцна будуецца», – даводзіць віцебская актывістка Таццяна Севярынец.

Чаму планы чыноўнікаў і патрэбы грамадзянаў моцна разыходзяцца?

Гэтае і шмат якія іншыя пытанні мы скіравалі да галоўнага архітэктара Віцебску Андрэя Макеева. Які, аднак, адмовіўся каментаваць рашэнні мясцовых уладаў.

Наста Ільіна, «Белсат», фота: prostir.ua