Аб'ектыў 14.11.2017 Віцябляне пра вырак бацюшку-сутэнёру: Мала далі


39-гадовага Мікалая Кірэева, праваслаўнага святара з пасёлку Марозава Ленінградскай вобласці Расеі, суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў вінаватым у сутэнёрстве і асудзіў на пяць з паловаю гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме

Кірэеў віны не прызнаў і заявіў, што будзе абскарджваць прысуд. Паводле версіі следства, каля паўгода святар перапісваўся ў сацыяльных сетках з беларускамі, якіх вербаваў заняцца прастытуцыяй у Санкт-Пецярбургу. У жніўні, калі святар разам з 20-ці ды 30-гадовымі жанчынамі сядаў у аўтобус, яго і затрымалі.

«Падсудны яшчэ да абвяшчэння прысуду звярнуўся да журналістаў і сказаў, што віны не прызнае, што квіток на той злапомны аўтобус з якога яго знялі, ён купляў адзін і нікому білет не купляў і што матэрыяламі справы не ўстаноўлена, што ён купляў білет яшчэ камусьці», – звяртае ўвагу праваабаронца Павел Левінаў.

Святаром Кірэеў стаў у 2002 годзе

У 2010-м быў залічаны на багаслоўскае аддзяленне Санкт-Пецярбургскай праваслаўнай духоўнай акадэміі. Раней у РПЦ не выключылі магчымасці хадайніцтва аб перадачы Кірэева ў Расею. Аднак сам прысуд у РПЦ ніяк не каментавалі, у адрозненне ад жыхароў Віцебску.

«Я б больш дала, ганьба і сорам перад богам».
«Я лічу, што мала, гадоў б 8-9 не перашкодзіла».
«Увогуле мала далі, ды яшчэ прыцягненне да такой старажытнай прафесіі. У мяне сваіх двое дзяцей. Вельмі настроена супраць такіх дзеянняў».

– кажуць віцябляне.

Айцец Мікалай дзеяў не адзін

У сутэнёрстве яму дапамагала 19-гадовая грамадзянка Таджыкістану. Яе таксама затрымалі ў Беларусі пры спробе вярбоўкі для занятку прастытуцыяй у Расеі. Яна сведчыла ў судзе супраць Кірэева.

Каментуючы навіну, на форумах у інтэрнэце жорстка жартуюць, маўляў, пашанцуе нейкі зоне, будзе там свой мясцовы поп.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Ігар Мацвееў / TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары