Аб'ектыў 16.12.2017 Віцебшчына: у вёсцы Суйкава няма вады, а мясцовых актывістаў вінавацяць у працы на амерыканцаў


Вёска Суйкава, што пад Віцебскам – адная з самых праблемных у рэгіёне. Прынамсі, паводле мясцовых жыхароў: у селішчы амаль няма ані вады, ані нармальнай дарогі.

Вада – ды і тое непітная – усяго ў адной студні, а цэнтральны водаправод праведзены толькі да 35-ці са 113-ці падворкаў. Каб жыхароў пачулі мясцовыя ўлады ды каб усё ж змяніць сітуацыю ў вёсцы Суйкава, што на Віцебшчыне, мясцовая жыхарка Алена Янушкоўская распачала збор подпісаў за сваё вылучэнне ў кандыдаты ў дэпутаты Віцебскага раённага і Заронаўскага сельскага саветаў.

«Я змагаюся за правы сялянаў. Гэта самы неабаронены пласт насельніцтва ў нашай краіне. Іхныя правы парушаюцца штодзённа і пастаянна. Я змагаюся за дастойнае жыццё сялянаў: вадаправод у нас у вёсцы праводзім, дамагаемся ўжо 10 гадоў і вынікі ёсць. Таксама дарогі і іншыя сацыяльныя даброты», – кажа актывістка з вёскі Суйкава Алена Янушкоўская.

Алена Янушкоўская намагаецца, каб на сяле людзі жылі не горш, чым у горадзе. І ў гэтым яе падтрымліваюць. СЯбры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі дагэтуль дапамагалі ёй у развязанні мясцовых праблемаў у розных інстанцыях, а калі даведаліся, што Янушкоўская плануе вылучацца ў дэпутаты, – зладзілі пікет і сталі дапамагаць збіраць подпісы.

«Калі зараз адсылаюцца запыты па розных інстанцыях проста як ад грамадзянкі (альбо Алена збірае подпісы ад групы грамадзянаў), як дэпутат, яна будзе рабіць запыт да канкрэтнай інстанцыі, якая павінна вырашыць тое ці іншае пытанне», – адзначае Таццяна Севярынец, чалец ініцыятыўная групы Алены Янушкоўскай.

Пытанняў жа шмат. Напрыклад, чаму ў пары кіламетраў ад абласнога цэнтру замест асфальту – мокры пясок, па якім не праедзе нават «хуткая», а змаганне за водаправод вядзецца вось ужо сёмы год?..

«Паўсюль праблемы. Цяпер вось з вадою – я не ведаю ўжо, калі гэта скончыцца, колькі гадоў чакаць», – распавядае жыхар вёскі Суйкава.

За 10 гадоў перапісак з чыноўнікамі справа прасунулася: праклалі трыста метраў запаветнага водаправоду! Засталося пракласці яшчэ тры з паловаю тысячы метраў…

Але вады і без таго дастаткова: пасля дажджоў ураджай затапліваюць дажджы і паводцы няма куды выцечы. Старшыня Зараноўскага сельсавету Раіса Ярошкіна, паводле вяскоўцаў, усю сітуацыю бачыла на ўласныя вочы.

«Яна пасля кажа: ну, напішыце, што ў вас агарод не падтапляе. Я кажу: вакол дома няма вады пакуль, а пра агарод я пісаць не буду, бо там стаіць вада», – кажа жыхарка вёскі Суйкава Марыя Навадворская.

Адказаць нашаму тэлеканалу на пытанне, чаму ж чыноўнікі не развязваюць існых праблемаў, старшыня Заронаўскага сельсавету Раіса Ярошкіна адмовілася. Мясцовыя ж актывісты сутыкнуліся з плёткамі аб працы на амерыканцаў ды заробкі ў валюце.

«То бок я дапамагаю людзям рабіць дарогі па заданні амерыканцаў. Амерыканцы ж у нас добрыя такія, клапоцяцца пра вёску Суйкава, што ў нас няма вады, на дарогах людзі ногі ламаюць», – кажа Янушкоўская.

Тым не менш, спадарыня Алена не здаецца. Сапраўды, хто, як не мясцовыя, лепш за ўсё ведае існыя праблемы?

 

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары