Ветэрынар: Патрэбны закон аб маральным падыходзе да жывёлы


Не знойдзеныя і дагэтуль не пакараныя працаўнікі лідскага прадпрыемства, што на вяроўках цягнулі за аўтам карову на забой. Сітуацыя ўразіла інтэрнаўтаў, адмыслоўцы ж кажуць, што гэткае абыходжанне з жывёлінамі – звычайная з’ява. Што пра гэта кажа закон, і што маем у рэчаіснасці?

Нашумелую сітуацыю ў Лідзе, дзе карову, прывязаную за нагу, цягнулі на забой па зямлі, актыўна абмяркоўвалі медыі ды сацсеткі. Але ці выключная гэтая гісторыя? Або больш падобная да сістэмы?

У Лідзе жывую карову цягнуць на тросе па асфальце. ВІДЭА

Арцём Кірашоў 10 гадоў працуе ветэрынарам у сельскай гаспадарцы, ён ведае ў тым ліку і пра забой жывёлы. Сітуацыя, што адбылася ў Лідзе, паводле яго, немагчымая на вялікім мясакамбінаце.

«Там усе ўмовы ёсць, прычым для бязбольнага яе забою, каб яна не пакутавала і не пакутавала гэтая карова, гэта значыць электрашокером аглушылі, забілі ды і ўсё. А вось у такіх арганізацыях а-ля вось гэтага лідскага… Ну, няма ў іх умоваў такіх, таму прыйшлося вось так».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Асноўнаю прычынаю, што прыводзіць да такіх сітуацыяў, становіцца абыякавае стаўленне да жывёлы яшчэ на стадыі яе гадавання.

«Не выконваюцца нават элементарныя патрабаванні, тэхналагічныя рэгламенты: ні ў нарыхтоўцы кармоў, ні ў кармленні, ні ў змесце, ні ў даенні», – тлумачыць Арцем Кірашоў.

І калі сёння чарговая карова зломіць на ферме нагу, яе каўшом пагрузяць у цяжкавік, а на мясакамбінаце выгрузяць з дапамогаю лябёдкі. Гарантыяў, што яна не выпадзе з машыны і яе не давядзецца цягнуць па зямлі, – ніякіх.

«Калі лячэнне або дапамога гэтай карове будуць перавышаць кошт гэтай каровы – пытанне: ці трэба яно?» – дадае ветэрынар.

Мікалай Лысянкоў, былы кіраўнік КСУП, – адзін з тых, хто распрацоўвае закон аб абароне жывёлы. І важны акцэнт у законе робіцца менавіта на стаўленні да сельскагаспадарчых жывёлінаў:

«Я вам скажу: у нас няма заканадаўства, якое рэгламентуе маральны падыход да жывёлы, да забою з маральнага пункту гледжання. Кожны мясакамбінат выпрацоўвае свае нормы. Але ў той жа час паводле закону ў нас ёсць санітарныя захады для забою жывёлы, і вось менавіта з-за гэтых санітарных нормаў прыходзіцца часцяком паступаць негуманна з жывёлінамі».

Выразна распрацаваныя правілы гадоўлі і забою жывёлы маглі б палепшыць сітуацыю.

«Я лічу, павінен быць закон, які рэгламентуе правілы забою. Магчыма, нават мабільныя пункты нейкія павінны быць. Калі жывёла пацярпела на пашы, у месцах, не даступных мясакамбінату, вось тая ж карова, якая ляжала ў лідскім мясакамбінаце на пляцоўцы… Там нельга было выканаць забою паводле санітарных нормаў», – тлумачыць Мікалай Лысянкоў, былы кіраўнік КСУП.

Па факце, які адбыўся ў Лідзе, міліцыя ладзіць правяранне. Калі вінаватых знойдуць, ім пагражае толькі штраф.

Алена Дубовік belsat.eu

Аб’ектыў
Зноў смерці кароваў. Кіраўніцтва кажа, паказнік па падзяжы ніжэйшы за нарматыў
2019.08.01 22:15