Аб'ектыў 12.04.2017 Вашынгтон вырашае, што рабіць з Лукашэнкам


Апошнімі днямі чыноўнікі Дзяржаўнага дэпартаменту і Кангрэсу ЗША праводзяць кансультацыі з экспертамі на тэму Беларусі і хвалі рэпрэсіяў супраць беларускага грамадства.

«Няма такой пэўнасці, ці будзе ціск на рэжым, ці будзе супраца з рэжымам. Ёсць толькі кулуарныя дыскусіі, а таксама закрытыя стратэгічныя сесіі, якая адбылася ў панядзелак, дзе вялася дыскусія: чаму трэба даць прыярытэт?», – зазначыў Франак Вячорка ў эфіры Радыё «Свабода» у Вашынгтоне.

Зноў санкцыі?

Да канца красавіка будзе прынята рашэнне, ці працягваць мараторый на ранейшыя санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

Амерыканцы зробяць так, каб не нашкодзіць беларусам

ЗША прыпынілі санкцыі ў 2015-м годзе, каб стымуляваць беларускія ўлады да дэмакратычных рэформаў і збліжэння з Захадам. А тут – сотні затрыманых за мірны пратэст, дзясяткі – пад крымінальнымі справамі з сумнеўнай доказнай базай. Не па-еўрапейску.

«У гэтым спісе санкцыйных прадпрыемстваў – 9. У тым ліку «Гроднаазот», «Белшына» – фірмы, якія, як мяркуецца, маюць дачыненне да фінансавання рэжыму Лукашэнкі. Але пра ніякія адрасныя санкцыі, комплексныя эканамічныя санкцыі, якія могуць закрануць народ Беларусі – не, не гэтым разам», – запэўніў Франак Вячорка.

Лукашэнка карыстаецца магчымай пагрозай расейскай экспансіі ў Беларусі

Робіцца гэта, каб перасунуць чырвоную лінію рэпрэсіяў. Узмацніць сваю ўладу і не нарвацца на санкцыі.

«І Еўразвязу, і Злучаным Штатам вельмі не хочацца вяртацца да папярэдняй палітыкі, якая раней была прызнаная неэфектыўнай у адносінах да Беларусі. І яны знаходзяцца ў сітуацыі чакання таго, што гэтая хваля рэпрэсіяў можа быць скончаная», – распавёў палітолаг Андрэй Ягораў.

Паводле непублічных выказванняў экспертаў у ЗША, рашэнне Вашынгтону, а потым і Бруселю аб магчымым узмацненні санкцыяў будзе залежыць ад паводзінаў беларускіх уладаў 26-га красавіка – на Чарнобыльскі шлях, і 1-га траўня, калі адбудзецца наступная акцыя супраць падатку на адсутнасць працы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Kevin Lamarque / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары