Аб'ектыў 07.12.2017 Вакансіяў – заваліся! Рынак працы зазнаў бум?


Знайсці кваліфікаванага работніка ў Беларусі робіцца ўсё цяжэй. А ўтрымаць – яшчэ складаней. Чаму і што з гэтым рабіць? Беларускія і замежныя адмыслоўцы абмяркоўвалі гэта сёння на канферэнцыі ў межах «Прэміі HR – 2017»

Арганізатары гэтай чацвёртай штогадовай канферэнцыі канстатуюць: паводле статыстыкі, на сайце «jobs.tut.by», беларускі рынак працы зазнае станоўчыя тэндэнцыі. Найвялікшы попыт, традыцыйна, на адмыслоўцаў у галіне продажу. Другая найбольш запатрабаваная прафесія – у галіне інфармацыйных тэхналогіяў. На трэцім месцы паводле колькасці вакансіяў – рабочыя прафесіі.

«Пачынаючы з сярэдзіны мінулага году, колькасць вакансіяў пачынае расці. І, на працягу ўсяго 17-га году колькасць вакансіяў расце, – зазначыла дырэктар «jobs.tut.by» Святлана Шапарава.

Станоўчыя тэндэнцыі малюе і афіцыйная статыстыка

У верасні і кастрычніку сёлета беларускія арганізацыі ўпершыню за доўгі час узялі на працу больш чалавек, чымся звольнілі.

То бок выглядае, што хоць попыт на працоўную сілу і расце, але знайсці працу лягчэй не становіцца. Гэтак, паводле афіцыйнай статыстыкі, за 10 месяцаў гэтага года працоўных беларусаў паменела на 65 тысячаў чалавек. Ці ёсць праблема ў тым, што беларусы проста не адпавядаюць патрабаванням працадаўцаў сваймі якасцямі?

Адмыслоўцы з гэтым не згодныя

»Звяртаюць увагу ўсе, што мы вельмі працалюбівыя. Тое, што мы, можа быць, у нечым, павольныя, ёсць такая адметнасць, што мы даўжэй унікаем у нейкія працэсы, што мы не такія шустрыя. Але, калі мы ўцягваемся ў нейкую працу, мы робім гэта якасна, мы робім потым гэта дастаткова хутка«, – упэўненая Святлана Шапарава.

Ці ёсць тады праблема ў неналежнай адукацыі? На думку кадравай дырэктаркі кампаніі САП у Расеі Веры Саламоцінай, тут пэўныя складанасці ёсць, але не крытычныя.

«Мы цяпер з’яўляемся цяпер адным з наймацнейшых IT-хабаў: Расея, Беларусь, Украіна, бо ў нас вельмі добрая інжынерная адукацыя, у тым ліку ў галіне IT. Усе астатнія галіны, вядома, магчыма не дацягваюць да міжнародных стандартаў», – мяркуе Вера.

Чаму ж працадаўцы не могуць знайсці патрэбных адмыслоўцаў?

На думку старшыні Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, праблема ў тым, што існыя вакансіі, за выключэннем IT і некалькіх іншых выпадкаў, не прапануюць годнай аплаты, то бок шукаюць працоўных за капейкі. Прадстаўніца Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын адзначае, што росту заробкаў перашкаджае неспрыяльны дзелавы клімат, які адпужвае інвестыцыі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары