Усё больш беларусаў хварэюць дыябетам. Дзяржава не ў стане дапамагчы


Людміла Шаўчук 24 гады жыве з дыябетам. І штодзень жанчына прынамсі пяць разоў спраўджвае ўзровень цукру, двойчы коле інсулін і пільна сочыць за сваім харчаваннем.

«У маёй торбе кожны дзень ёсць, мы называем гэта «набор крывасмока», прылада, праколвальнік, тэст-палоскі, два інсуліны, доўгі і кароткі, шпрыц і запасная іголка да шпрыца», – кажа пацыентка з 1-м тыпам дыябету Людміла Шаўчук.

Беларускія дыябетыкі не маюць вольнага доступу да лекаў. Дзяржава дае ім дзве тэст-палоскі на дзень, але патрэбныя шэсць. Кожная каштуе прыблізна тры рублі. Да таго ж у Беларусі на рынку няма апаратаў з больш сучаснымі тэхналогіямі. Хворыя шукаюць іх за мяжою. Прычыну нам назвала старшыня беларускага грамадскага медычнага аб’яднання «Эндакрыналогія і метабалізм».

«Ёсць сродак працяглага маніторынгу, які адна з замежных кампаніяў папросту не рэгіструе ў Беларусі. Мы шмат, ужо некалькі гадоў прасілі, каб яны зарэгістравалі гэтую сістэму, але яны не разглядаюць наш рынак як перспектыўны», – кажа Ала Шапялькевіч.

За апошнія 20 гадоў з’явілася сусветная тэндэнцыя росту на 5–8 % колькасці хворых на дыябет 2-га тыпу, што назіраецца і ў Беларусі, дзе цяпер прыблізна 320 тысяч дыябетыкаў. У нас існуе 226 школаў дыябету, але іх існаванне фармалізаванае, і людзі не атрымліваюць адукацыі на дастатковым узроўні, адзначае старшыня аб’яднання для падтрымання хворых на дыябет.

«Дыябет без адукацыі не існуе. Чалавеку вельмі шмат трэба ведаць і ўмець. Гэта навыкі разліку хлебных адзінак, навыкі разліку каэфіцыентаў, каб арганізаваць сваё харчаванне. Гэта навыкі выкарыстання інсуліну», – распавядае старшыня ГА «Падтрыманне людзей з цукровым дыябетам» Кацярына Ганчарэнка.

Важна разумець, што інфармаванне пра хваробу патрэбнае не толькі хвораму, але і ягоным родным, каб яны ведалі, як дапамагчы. Людміла ж усе гады хваробы спраўляецца з ёю самастойна.

«Мяне ў сям’і ніхто не падтрымаў, калі ў мяне здарылася такая праблема, усе сказалі, што гэта мая праблема, і сталі жыць, як і жылі. Але вы не ўяўляеце, як часам хочацца, каб папросту прыціснуцца да пляча», – кажа Людміла Шаўчук.

У тым ліку важнасці падтрымання блізкіх прысвецяць акцыю 24-га лістапада, дзе спікеры распавядуць пра сучасныя падыходы лекавання, захаванне здароўя пры пастаўленым дыягназе. Таксама будзе зарганізаваная кансультацыя эндакрынолагаў.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu