Аб'ектыў 20.07.2017 Уручча застанецца зялёным. Жыхары перамаглі пратэстам


Пераможны пратэст. Жыхары менскага мікрараёну Уручча-2 выступілі супраць забудовы і перамаглі: ніякіх аўтамабіляў у зялёнай зоне на вуліцы Шугаева не будзе. Але ці надоўга супакоіліся забудоўнікі?

«Вялікі дзякуй Белсату, калі б не было сюжэта за 24-га чэрвеня, я ўсім такія сюжэты паказваю, такога рэзанансу не было б, дзякуй вам вялікі», – кажа адна з ініцыятараў пратэсту Галіна Лагацкая.

Жыхары сталічнага Уручча адваявалі права на свежае паветра

Адміністрацыя раёну адклала запланаванае ўшчыльненне на «доўгатэрміноваю перспектыву». Планавалі, што пад вокнамі дамоў на вуліцы Шугаева пабудуюць аздараўляльны комплекс, падземны гараж і два паркінгі.

Паводле закону, перад тым, як распачынаць праект забудовы, гарадскія ўлады мусяць запрасіць жыхароў на грамадскія абмеркаванні, але гэтым разам ніхто з мясцовымі не параіўся. Жыхары пачалі збіраць подпісы і запрасілі карэспандэнтаў «Белсату», каб прыцягнуць увагу да нечаканага ўшчыльнення.

Гэта не першая спроба пасягнуць на кавалак незабудаванай зямлі

Супрацьстаяць ушчыльненню мікрараёну жыхары спрабуюць апошнія 10 гадоў. Але гэта першы выпадак, калі гарадскія ўлады пайшлі насустрач.

«Мы за 1 дзень паднялі ўвесь наш дом, жыхары проста масава выйшлі, і чыноўнікаў гэта ўразіла, бо за месяц яны сабралі толькі 20 подпісаў „за”», – тлумачыць рашэнне ўладаў мясцовая жыхарка Марына Грабёнкіна.

Жыхары хаця і радуюцца перамозе, але называюць яе часоваю, бо месца побач з метро можа неўзабаве прывабіць новых аматараў ушчыльнення.

Настасся Храловіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары