15 лаўрэатаў, сярод якіх Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Лявон Вольскі. Прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава выбітным беларусам уручалі 11 гадоў. Аднак сёлета ўганаравання ўпершыню не адбудзецца. Чаму?
Сёлета ў дзень народзінаў Васіля Быкава, 19 чэрвеня, у ягоных родных Бычках будзе не так гучна, як папярэднімі гадамі. Віной таму адмена сёлетняй цырымоніі прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі»
Уладзімір Арлоў, пісьменнік, лаўрэат прэміі імя Васіля Быкава:
«Я веру ў тое, што прэмія імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» будзе неўзабаве адноўленая. Захаваюцца яе крытэры. Але я думаю, што сузаснавальнікамі гэтай прэміі павінныя стацца шырокае кола грамадскіх арганізацыяў».
Апошнімі гадамі каардынатар імпрэзы – грамадскае аб’яднанне Рух «За свабоду» – меў фінансавыя складанасці з арганізацыяй мерапрыемства. Няўжо на 12-ым годзе існавання ўзнагароду знішчыла грашовае пытанне?
Аляксандр Мілінкевіч, заснавальнік прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі»:
«Прэмія ніколі не мела мэтавага фінансавання, грошы мы заўсёды збіралі і даволі паспяхова. Летась мы рабілі гэта праз краўдфандынг, і людзі ахвяравалі грошы. Так што гэта другаснае пытанне. Самае галоўнае – 2 гады таму мы зразумелі, што прэмія патрабуе сур’ёзнага перафарматавання».
Дагэтуль намінантаў на прэмію Быкава абірала аўтарытэтнае журы. Гэтыя ж людзі патаемна галасавалі за пераможцу, якому акрамя звання лаўрэата і статуэткі даставалася грашовая ўзнагарода ў 1000 еўра. У новым фармаце абяцаюць іншы падыход.
«Прэмія Васіля Быкава мусіць стаць народнай. Не ўзнагародай, якую даюць вядомыя ў Беларусі людзі ці пэўныя арганізацыі, а гэта мусіць быць прэмія, у якой лаўрэата вызначае як мага большая колькасць людзей. Усе беларусы будуць мець магчымасць праз інтэрнэт вызначаць намінанта і пазней у фінале галасаваць за пераможцу», – тлумачыць Заснавальнік прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» Аляксандр Мілінкевіч.
Яшчэ адной мэтай прэміі станецца папулярызацыя твораў Васіля Быкава і ягоных жыццёвых прынцыпаў. У рабочую групу па перафарматаванні ўзнагароды між іншага ўвайшлі Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Лявон Вольскі, Юры Зісер, Святлана Калінкіна, Глеб Лабадзенка і Зміцер Дашкевіч.
ІК, belsat.eu