Улады змушаюць прадпрымальнікаў плаціць арэндную плату за маёмасць, якая належыць ім самым


У Лідзе «знішчаецца» будаўнічы рынак. Прадпрымальнікі вымушаныя шукаць іншыя плошчы ў горадзе. Райспажыўтаварыства прымушае гандляроў сплочваць вялікую арэндную плату за маёмасць, якая належыць самым прадпрымальнікам. Сябры Савету прадпрымальнікаў рознымі шляхамі спрабуюць дабівацца зніжэння платы, у адказ райспажыўтаварыства выкарыстоўвае каральныя метады.

Ралеты і павільёны на Лідскім рынку прадпрымальнікі набывалі і ўсталёўвалі за свой кошт. Аднак Лідскі філіял райспажыўтаварыства ўлучыў у прадмет дамовы арэнды плату і за карыстанне ралетамі. На сёння за 15 кв. м гандлёвай плошчы выходзіць 130 рублёў за месяц, з іх 45 рублёў – за арэнду ўласных ралетаў. Частка прадпрымальнікаў не пагадзілася на такія ўмовы і працягвала сплочваць арэнду паводле стаўкі, разлічанай за гандлёвае месца без ралетаў і павільёну.

«Я аплаціў рынку арэндную плату за месца на рынку да канца жніўня бягучага месяца. Па іх разліках я заплаціў толькі да снежня 2017 года. Адпаведна, яны падалі ў суд», – кажа старшыня савету прадпрымальнікаў Валерый Лабунскі.

Суддзя Эканамічнага суда Гарадзенскай вобласці Сяргей Бяляўскі адмовіўся выпатрабаваць ад пазоўніка пацверджання правоў на ўласнасць і пастанавіў спагнаць з прадпрымальнікаў плату.

«Апеляцыю і нагляд мы пройдзем. Але шанцаў выйграць у гэтай сістэмы – нуль. Улады проста не дапусцяць, каб гэта ўсё было вырашана на нашую карысць і паводле закону», – кажа старшыня савету прадпрымальнікаў Валерый Лабунскі.

Прадпрымальнікі скардзяцца, што тым, хто адстойвае правы, не даюць працаваць і выціскаюць з рынку. Адміністрацыя павесіла абвесткі, што выбраны Савет прадпрымальнікаў нелегітымны, ды прапануе зладзіць сход, каб перавыбраць сябраў савету.

«Паўлавіч (пра Лабунскага) з імі судзіцца, а больш за 10 чалавек, хто тут застаўся, вырашылі іншым спосабам звярнуцца ў Райспажыўтаварыства. Зварот напісаць, падпісаць, пра зніжэнне арэнднай платы», – кажа прадпрымальніца Таццяна Хрышчановіч.

Для тых, хто на рынку арандуе вялікія плошчы, болей за 45 кв. м, усталяваны зніжальны каэфіцыент – 0,84 да арэнднай стаўкі. Прадпрымальнікі запрапанавалі райспажыўтаварыству ўсталяваць такі ж каэфіцыент для ўсіх. У адказ – адмова.

«Ужыванне гэтага каэфіцыенту для ўсіх гандлёвых плошчаў эканамічна нерэнтабельнае і ў сувязі са складаным фінансавым становішчам Гарадзенскага аблспажыўтаварыства не можа быць прынятае».

Складанае фінансавае становішча і ў прадпрымальнікаў. Нізкая пакупніцкая здольнасць насельніцтва, адпаведна – нізкія прыбыткі: гандляры скардзяцца, што часта працуюць у мінус.

Апошні раз на рынку ў Лідзе журналістка Вольга Чайчыц была зімою. За гэты час сітуацыя відавочна змянілася. Прадпрымальнікі з’язджаюць адсюль, і таму тут шмат пустых месцаў. А чым менш гандляроў, тым менш сюды прыяжджае пакупнікоў, тым яшчэ менш прыбыткаў. Замкнёнае кола.

«Мне не вельмі зразумелы сэнс менеджменту спажыўтаварыства. Прасцей, напэўна, пакідаць высокую арэнду, чымся яе зніжаць, знішчаючы рынак. Рынак губляе прывабнасць. Між іншым ужо 5-7 чалавек гатовыя ўжо зараз пакінуць рынак. Ён фактычна будзе пахаваны», – кажа сябра савету прадпрымальнікаў Эдуард Антоненка.

Каб зразумець логіку дзеянняў кіраўніцтва Лідскага філіялу райспажыўтаварыства, мы накіраваліся беспасярэдне да іх. Але дырэктарка адмовілася ад тлумачэнняў.

«Для пазбягання канфлікту ідзіце займайцеся сваёй працаю! Мне не патрэбны сюжэт. Я не буду браць удзел у вашым сюжэце пра рынак», – заявіла дырэктарка Лідскага філіялу райспажыўтаварыста Крысціна Вадэйка.

Сюжэт не патрэбны і абласным чыноўнікам, якія праблему замоўчваюць, а на скаргі прадпрымальнікаў пішуць, што ў выпадку чарговых зваротаў будуць спыняць ліставанне.

Вольга Чайчыц belsat.eu