Аб'ектыў 01.08.2017 Улады Пінску ў ролі рэкеціраў. У народа адбіраюць зямлю


Жыццё пражывай – дабро нажывай! Але ў нашай краіне нажытае ўчора сёння могуць адабраць. Сям’я з Пінску раніцаю пачула, што працоўныя разбіраюць дабротны плот ля іхнага дому.

«Ніхто нават не паставіў у вядомасць, не тое што прадставілі дакумент. Не паставілі ў вядомасць!», – абураецца ўладальніца дому Святлана Валоцка.

«90-ыя вярнуліся. Сказалі занадта шмат зямлі ў вас. Дакументаў няма, ніхто нічога не паказвае. Зараз прыехаў трактар ламаць слупы далей», – дадаў сусед Алег Толсцікаў.

Але не плот аб’ект зацікаўленасці

Чыноўнікам з гарвыканкаму, якія выслалі працоўных зламаць плот, больш цікавіць надзел зямлі, што за плотам.

«Гарвыканкам Пінскі што хоча, тое і робіць не падначальваецца нікому. Таму што мы выкупілі ў прыватную ўласнасць, але нас рабуюць і рабуюць беларускія ўлады», – з адчаем кажа Сяргей Кучар, муж Святланы.

Надзел Святлана выкупіла ва ўласнасць яшчэ ў 94-ым годзе

Генеральны план вызначаў межы надзелу. Калі ж праз нейкі час выканкам пастанавіў зрабіць дарогу, то спатрэбіўся кавалак надзелу Святланы.

«Межы яе па коллях праходзілі згодна з генпланам і яны перашкаджалі зрабіць гэты праезд. Што яны прыдумалі з выканкаму людзі. Яны прыйшлі і сказалі: давайце мы возьмем гэтыя заднія колля і крыху перанясем. Яна кажа, вы мне перанясіцё, а гэта зменіць межы надзелу. А яны кажуць: Нічога страшнага, мы табе колля перанясем і павялічым з іншага боку (там дзе зараз зносяць плот). Яна кажа, а якая мне розніца. Жанчына даверлівая», – пракаментаваў сітуацыю мясцовы юрыст Яўген Неўдах.

Без ведаму Святланы юрыдычна ўсталявалі іншыя межы надзелу

Атрымалася, што частку зямлі ў жанчыны забралі ў рэальнасці, а другую – на паперы. Святлана прайшла ўсе судовыя інстанцыі, але безвынікова. А тры гады таму суд увогуле пастанавіў скасаваць межы.

«Гэта ўсё на дадзены момант у 2014-м годзе адменена судом. На дадзены момант надзел увогуле не існуе. Ён існуе толькі паводле генплану. Ніякіх дакументаў мне ніхто не хоча даць. Ёсць у мяне аб выкупленасці дакумент і генеральны план. Іншыя дакументы мне гарвыканкам даць не хоча, кажа ў нас іх няма», – тлумачыць Святлана Валоцка.

Выканкам мае план на частку зямлі Святланы

Чыноўнікі дададуць яе да суседняга надзелу і выставяць на продаж. Кабеце ж прапануюць замест чарговага адарванага ў яе кавалку зямлі іншы.

«Тую частку, якую ёй навязвае выканкам знаходзіцца ў ахоўнай зоне лініі электраперадач. Па-сутнасці ёй гарвыканкам навязвае мёртвую частку зямлі, якую нельга выкарыстоўваць», – распавядае Яўген Неўдах.

Адстаяць сваё не дапамаглі ні суды, ні скаргі

Гаспадары, што звярнуліся да «Белсату», спадзяюцца, што ім дапаможа розгалас справы.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары