Аб'ектыў 27.10.2017 Улады хаваюць праўду пра новую ўспышку свіной чумы


Стоўпня – на замку! На ўездзе і выездзе з цэнтру сельсавету, што ў Рагачоўскім раёне Гомельшчыны, стаяць блок-пасты. Міліцыянты спраўджваюць, ці не вязе хто жывёлінаў або мяса, і дэзынфекуюць аўтамабілі.

«Ажыццяўляем кантроль увозу-вывазу прадукцыі. Калі ёсць нейкія парушэнні, то звязваемся з ветэрынарнай службай, дакладваем туды», – распавёў «Белсату» міліцыянт, які стаяў на блок-пасце.

Нашмат больш гаваркімі аказваюцца мясцовыя

«Сказалі, што нібыта чума. Таму што ў аднаго чалавека шмат свінняў было – і пачалі паміраць. Адразу выклікалі ўсіх дактароў, і нібыта аналіз паказаў, што чума», – распавёў тутэйшы жыхар.

Два гады таму ў Стоўпні была падобная сітуацыя

Цяпер жа дактары папярэдзілі вяскоўцаў, што калі будзе і трэцяя ўспышка АЧС, усіх свінняў пусцяць пад нож. Гэтым разам гаспадарак людзей не чапалі.

Па афіцыйны каментар даводзіцца літаральна бегаць за чыноўнікамі, якія ўсцяж адмаўляюцца даваць каментар нашаму тэлеканалу.

Логіку замоўчвання мясцовых уладаў зразумець цяжка

Мясцовыя жыхары на чыноўнікаў не наракаюць. А звесткі пра папярэджанне АЧС ёсць не толькі ўва ўлётках, раздадзеных вяскоўцам, але і на інфармацыйным стэндзе каля сельсавету. Відаць, папросту незалежных журналістаў улады баяцца нашмат больш за чуму.

Валер Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары