Аб'ектыў 04.12.2017 Улады Беларусі хочуць павялічыць вытворчасць тытуню і заваліць цыгарэтамі ўсю Еўропу


У Беларусі з’явіцца адзіная тавараправодная сетка для продажу тытунёвых вырабаў на ўнутраным і замежным рынках. Ствараць яе будзе кампанія «Энерга-Оіл», якая таксама ўкладзе значныя сродкі ў Гарадзенскую тытунёвую фабрыку, каб літаральна заваліць цыгарэтамі ўсю Еўропу. Рашэнне прынятае пасля адмысловай нарады, скліканай Лукашэнкам.

Інфаркт, ракавыя пухліны ў лёгкіх і пад языком, страта зроку і гангрэна – інфармацыя пра шкоду ад тытуню дасяжная на кожным пачку цыгарэтаў. Нават з карцінкамі. Аднак гэтыя крыніцы хваробаў у Беларусі прадаюцца танней, чым у большасці суседзяў. Дзве тытунёвыя фабрыкі працуюць на мяжы магутнасцяў. А будуць – яшчэ лепш! Каб прыносіць больш падаткаў і валюты ў дзяржаву.

«Калі ёсць попыт, трэба прадаваць тытунёвыя вырабы. Не прадамо мы, прададуць іншыя. Рынкі будуць занятыя. А гэта крыніца прыбытку ў бюджэт. Сёлета мы чакаем Br1 млрд, то бок $0,5 млрд», – заявіў Лукашэнка.

Падчас сённяшняй цыгарэтнай нарады Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад міністраў і прыватных бізнесоўцаў больш выгадных схемаў вытворчасці ды продажу тытуню. Бо яго, нібыта, папрасілі еўрапейскія прадпрымальнікі. Адразу пасля нарады віцэ-прэмʼер Міхаіл Русы абвесціў: кампанія «Энерга-Ойл» створыць адзіную сетку продажу цыгарэтаў у Беларусь і за мяжу. Таксама «Энерга-Ойл», якую ўзначальвае Аляксей Алексін, інвестуе 60 мільёнаў долараў у Гарадзенскую тытунёвую фабрыку, у тым ліку паставіць яшчэ 2 вытворчыя лініі, у дадатак да тых, якія запускае дзяржава.

«Спроба зрабіць больш вал – гэта спроба павялічыць кантрабанду. Атрымаць выгоду ад продажу і павялічыць нелегальны продаж прадукцыі ў Еўразвяз», – кажа Павел Севярынец.

Раней эканамісты падлічылі, што Беларусь выпускае цыгарэтаў прыкладна на 15 % больш, чым афіцыйна прадаецца на ўнутраным і замежным рынках. Апошнімі гадамі Нацыянальны статыстычны камітэт перастаў публікаваць такія звесткі аб тытунёвай вытворчасці.

«Розніца паміж коштамі ў Беларусі і Еўрапейскім звязе вялікая, тым больш, што ёсць кантрабанда, якая дзейнічае вельмі зручна, і калі нават Вялікая Брытанія скардзіцца на беларускія цыгарэты, значыць, у нас гэта вельмі добра атрымліваецца», – кажа прэзідэнт навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Сапраўды, блокі ГТФ і «Нёмну» можна набыць і ў Парыжы, і ў Лондане. Вільня ды Варшава прасілі Менск кантраляваць аптовы продаж цыгарэтаў, каб не спрыяць кантрабандзе, але марна. Наадварот, улады Беларусі не хаваюць планаў павялічваць вытворчасць тытуню.

«Мафія ў нашым рэгіёне такая, што праглыне ўсё. Тым больш, што гэта структуры, зацікаўленыя, каб у Беларусі былі яшчэ 2-3 тытунёвыя фабрыкі. І справа не ў тым, ці будзе інтарэс, а ў тым, хто будзе кантраляваць гэты рынак», – кажа Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук мяркуе, што закрыты ад выпадковых інвестараў тытунёвы рынак у Беларусі не можа існаваць без няяўнага кантролю былых ды існых сілавікоў. Занадта вялікія сродкі там круцяцца, і афіцыйна, і незаконна.

«Бюджэт з гэтага атрымлівае вялізныя сродкі, хаця асабіста я не прымаю курцоў і пʼяніц», – сказаў Лукашэнка.

«Навошта гэта ўсе гэтыя крыкі пра здаровы лад жыцця, спартовую дзяржаву, навошта ўсе гэтыя лядовыя палацы, калі стаіць мэта спаіць і скурыць беларускую нацыю? Навошта гэта рабіць, калі павялічваюцца абʼёмы, калі людзям даюць таннае пітво ці таннае курава, курыце і піце, колькі хочаце, аж памрыце», – кажа Павел Севярынец.

Як мяркуе Павел Севярынец, дзеля брудных грошай улады граюць на слабасцях сярэдняга чалавека. Сорам не дым, вачэй не выесць.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары