Улады «адрадзілі» вёску - цяпер у ёй немагчыма жыць


Усяго дваццаць кіламетраў ад Гомля. Вёска Старыя Цярэшкавічы, вядомая з XVI стагоддзя. А цяпер на паперы гэта аграгарадок мараў «Цярэшкавічы». Толькі, куды ні глянь і каго ні паслухай, адныя скаргі ды праблемы. У дварах – як пасля бамбавання, не лепш і ўсярэдзіне.

Цвіль, вільгаць, хваробы. А рамонт рабі, ні рабі – не мае сэнсу.

«Цвіль пайшла з-за таго, што ў нашым падвале каля сарака гадоў плавала каналізацыя, таму што нам першапачаткова паставілі гнілыя старыя трубы. І нас увесь час затапляла, і залівала тэрыторыю вакол дому. Гэта быў смурод шалёны», – кажа жыхарка Старых Цярэшкавічаў Ірына Допшыкава.

Грошы ж на капітальны рамонт жыхары плоцяць.

«Мы засяліліся сюды 13 траўня 1971 года. І ніколі тут ніхто не заходзіў і не рабіў ніякіх рамонтаў», – распавядае іншая жыхарка Марыя Каралёва.

Жыхары звярталіся ў самыя розныя інстанцыі. Вера Пісарава распавядае, які адказ атрымлівалі:

«Усё – на месцы разабрацца. На месцы адказ, што няма грошай, і ваша не запланавана, і ўсё».

Пры гэтым кіраўнік краіны гаворыць пра Год малой радзімы. А мы звяртаемся па раду да праваабаронцы.

«Разважанні, што ў нас няма грошай, – дык мы ж заплацілі гэтыя грошы, гэта ж не вашыя грошы, мы ж ужо заплацілі. І трэба ў такіх выпадках пісаць калектыўныя звароты. І калі няма ніякае рэакцыі на калектыўныя звароты, то трэба падаваць у суд», – адзначае праваабаронца Беларускага Хельскінскага камітэту Віктар Адзіночанка.

У аграгарадку «Цярэшкавічы» пражывае амаль 1800 жыхароў. Згодна з дзяржаўнай праграмай, «аграгарадок – добраўпарадкаваны населены пункт, у якім будуць створаныя вытворчая і сацыяльная інфраструктуры для забеспячэння сацыяльных стандартаў тамтэйшаму насельніцтву і жыхарам прылеглых тэрыторыяў».

Гучыць, як рай на зямлі. Але з жылых дамоў зазіраем і ў іншыя куткі Цярэшкавічаў. Кацельня існуе ўжо дзесяцігоддзе. Вось толькі не падключаная, а таму і ацяплення няма.

«Куды ідуць фінансы, патокі, няясна. Ясна, што на добраўпарадкаванне нешта выдзяляецца з нашых з вамі кішэняў, з нашых падаткаў, акцызаў. Але да зямлі гэта не далятае», – выказваецца Уладзімір Шырокаў са Старых Цярэшкавічаў.

Не далятае і ў мясцовы Дом культуры. Спартовая зала – аварыйная і зачыненая.

Мясцовы жыхар Канстанцін Восіпаў распавядае:

«Я патэлефанаваў нашаму «губернатару» Гомельскае вобласці Дворніку Уладзіміру Андрэевічу, расказаў сітуацыю пра спартовае жыццё, пра ўсю абстаноўку аграгарадка. Ён называецца аграгарадок, але не адпавядае гэтай назве ва ўсіх пытаннях».

У адказ – адпіскі. Вось і атрымалася – ехалі ў аграгарадок мараў, а апынуліся каля разбітага карыта.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Vasily Fedosenko/ Forum