Аб'ектыў 06.10.2017 Украінская Рада з боем прызнала Расею агрэсарам. Чаму цяпер?


Расея ініцыявала, арганізавала і падтрымлівала тэрарыстычную дзейнасць ва Украіне, ажыццяўляе ўзброеную агрэсію супраць Украіны і частковую акупацыю яе тэрыторыі, выкарыстоўваючы рэгулярныя войскі, наёмнікаў і незаконныя ўзброеныя фармаванні. Мэта дзяржаўнай палітыкі Украіны – вызваліць гэтыя тэрыторыі і аднавіць там канстытуцыйны парадак, згодна са Статутам ААН.

Гэтак гучаць асноўныя палажэнні законапраекту аб рэінтэграцыі Данбасу, вынесенага на галасаванне прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Дакумент прынялі ў першым чытанні, але разглядалі два дні, з супрацьстаяннем у прэзідыуму Вярхоўнай Рады.

Супраць законапраекту выступілі партыі «Батькивщина», «Свобода» і «Самопоміч»

Блакавалі прэзідыум, адкручвалі мікрафоны. Сёння ж пад будынкам Вярхоўнай Рады групы падтрымкі гэтых партыяў кідалі дымавыя шашкі ў байцоў Нацыянальнай гвардыі, уступалі ў сутычкі. Дэпутаты Сямён Сяменчанка і Юрый Леўчанка выпрабавалі дымавую шашку ў прыбіральні Рады, а потым кінулі яшчэ адну дымавую шашку ў зале для галасавання. Як аказалася, запальны снарад быў ваеннага прызначэння, яго нельга выкарыстоўваць у закрытых памяшканнях.

Абмеркаванне законапраектаў працягвалася

У выніку большасць прагаласавала «За».

Згодна з законапраектам, вызваленнем Данбасу будуць займацца Узброеныя Сілы Украіны. Прыняцце дакументу дазваляе Кіеву атрымаць лятальную абарончую зброю ад саюзнікаў, увесці сапраўдную міратворчую місію ў канфліктным рэгіёне, а таксама дапаможа ўкраінскім дыпламатам змагацца за вызваленне тэрыторыяў, акупаваных Расеяй, – пракаментавалі вынік галасавання ў партыі «Блок Пятра Парашэнкі». Прынятыя дакументы падтрымалі і заходнія саюзнікі.

«Працягненне адмысловага статусу Данбасу паказвае, што Украіна робіць жорсткія крокі да міру. Спадзяюся, цяпер Расея будзе дзеяць, каб дасягнуць міру. Час завяршаць канфлікт», – са спадзевам выказаўся адмысловы прадстаўнік ЗША ва Украіне Курт Волкер.

А ў Крамлі законапраект аб дэакупацыі Данбасу лічаць непрымальным. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў таксама, што ўрэгуляванне канфлікту можа быць заснаванае толькі на Менскіх пагадненнях.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары