За першыя гадзіны бязвізавага рэжыму мяжу з Еўразвязам мінулі амаль 600 украінцаў. З сёння ўладальнікі новага біяметрычнага пашпарта змогуць свабодна наведаць усе краіны Шэнгену.
Жыхары Украіны кажуць:
«Гэта гучыць хутчэй як нешта нерэальнае, што такога не магло быць, у мяне бацька вельмі хацеў у Еўропу, казаў: я адмыслова не буду рабіць візу, я ведаю, што будзе безвіз».
«Я заўсёды марыў быць чалавекам свету, напрыклад, мне заўсёды трэ быў пашпарт, па якім можна паўсюль праехаць, і мне заўсёды было сумна, што прыдумалі межы».
«Для Украіны гэта крок наперад, асабліва для моладзі, ну – і для нас».
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў афіцыйным выступе падкрэсліў, што адмена візаў – справа ў першую чаргу палітычная. Зрэшты, менавіта адмова мінулага прэзідэнта Віктара Януковіча ў лістападзе 2013-га падпісаць дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам падштурхнула ўкраінцаў выйсці на Майдан, які стаў канцом кіравання Януковіча. Сённяшні ж бязвіз, як падкрэсліў Пятро Парашэнка, каштаваў Украіне шматлікіх жыццяў яе патрыётаў.
«Мы з вамі, украінскі народ і ўся Украіна ўступае ў іншую гістарычную эпоху, і гэтая падзея знаменуе канчатковы разрыў з Расейскай імперыяй нашай дзяржавы, украінскага дэмакратычнага свету з аўтарытарным «русским миром», – заявіў Парашэнка.
Палітолагі ж падкрэсліваюць, што галоўнае для Украіны цяпер – у першую чаргу наладзіць эканамічныя сувязі, каб не толькі Украіна прыйшла ў Еўропу, але і Еўропа – ва Украіну.
«Найперш тут важна эканамічная інтэграцыя, пагадненне аб асацыяцыі мусіць напаўняцца рэальным зместам – пераарыентацыя таварных плыняў, якая была ў асноўным на Расею, цяпер на Еўропу, на іншыя краіны», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.
Для беларусаў жа безвіз пакуль застаецца проста мараю – з усіх постсавецкіх краінаў Беларусь плоціць за візы больш за ўсіх. Праўда, нядаўна МУС абвесціў, што ўжо з наступнага года шэнгенская віза можа патаннець для беларусаў з 60 да 35 еўраў, але перамовы з Еўразвязам на гэты конт вядуцца ўжо не першы год.
«Я лічу, што прычына – палітыка, і той курс, што з’яўляецца афіцыйным у Беларусі, таму ўсё вельмі заканамерна».
«Магчыма з-за нашага ўраду, ён ставіць бар’ер і не дае нам нікуды праходзіць: усё ж дыктатура ёсць дыктатура».
«Гэта справа дыпламатаў, спадзяюся, калі-небудзь і нашае кіраўніцтва дамовіцца, і мы зможам бясплатна ўязджаць, ну а ўкраінцы – малайцы».
«Я думаю, гэта дадатковае ўрэгуляванне выезду за мяжу, можна зрабіць танней, але не адмяняць».
– выказаліся мінакі менскіх вуліцаў.
Пры гэтым у выпадку Украіны адмена візаў не азначае, што яе грамадзяне змогуць уладкавацца на працу або вучобу ў Еўропе без дадатковых дакументаў. Бязвіз дазволіць украінцам перабываць у краінах Шэнгену толькі паводле турыстычных або бізнес-справаў да трох месяцаў цягам 180 ((ста васьмідзесяці)) дзён.
Настасся Храловіч, «Белсат»; фота – president.gov.ua