Аб'ектыў 25.09.2018 Украіна не хоча беларускіх міратворцаў


Прэзідэнт Украіны прыляцеў у Нью-Ёрк дамаўляцца пра міратворчую місію ААН на Данбасе, каб насамрэч спыніць там баявыя дзеянні. Але беларусаў, як і грамадзянаў Расеі ды Казахстану, сярод будучых міратворцаў не будзе. Губляе моц і Менск як перамоўная пляцоўка, бо ўлады Беларусі не апраўдваюць даверу ўкраінскіх калегаў.

У блакітных касках, на белай бранятэхніцы, тысячы, а то і дзясяткі тысяч вайскоўцаў з розных дзяржаваў могуць прыехаць у Данецкую і Луганскую вобласці – забяспечваць мір, абараняць мірных жыхароў, фіксаваць парушэнні. Ужо прыблізна 40 краінаў гатовыя даслаць сваіх вайскоўцаў спыняць гібрыдную агрэсію Расеі – у тым ліку і Беларусь. Праўда, украінцы, якія жывуць побач з лініяй фронту, не хочуць тут нашых дэсантнікаў. Вось што сказалі «Белсату» жыхары Марыупалю:

«Расейскіх і беларускіх міратворцаў ніхто сюды не пусціць у прынцыпе».

«Вядома, не, нам нашых «азоўчыкаў» хапае».

«З Расеі – канешне, не, з Беларусі, як паказваюць апошнія падзеі ў Менску – таксама не».

Масква і Кіеў блізкія да кампрамісу: на Данбасе, хутчэй за ўсё, не будзе ні натаўскіх вайскоўцаў, ні міратворцаў з краінаў АДКБ – Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі. Пра гэта паведаміў журналістам Яўген Марчук – прадстаўнік Украіны ў Трохбаковай кантактавай групе, што праводзіць мірныя перамовы ў Менску. А хто тады будзе?

«Прадстаўнікі Бангладэшу, Нігерыі, Кеніі, Фінляндыі, Аўстрыі – гэта цалкам рэальны варыянт. Супраць Беларусі грае яе ўдзел у АДКБ – абаронным саюзе, дзе Расея адыгрывае галоўную ролю» – мяркуе Яўген Магда, палітолаг, Кіеў.

Міратворчая місія Аб’яднаных нацыяў ва Украіне пачнецца не раней, як праз 10 месяцаў пасля адпаведнага рашэння Генеральнай Асамблеі ААН. Украінскія палітыкі, у тым ліку Пятро Парашэнка, цяпер вядуць актыўную падрыхтоўку, каб увогуле ўзняць гэтае пытанне. Беларускія дыпламаты ў ААН робяць тое, што робяць расейскія – хранічна галасуюць супраць Украіны. Гэтак у пятніцу Беларусь разам з Расеяй, Іранам, Кубай і Казахстанам галасавалі супраць разгляду ў ААН сітуацыі на часова акупаваных расейцамі ўкраінскіх тэрыторыях. Не першы раз – і гэта выклікала эмацыйную рэакцыю прадстаўніка нашых суседзяў. Пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімір Ельчанка сказаў у каментары тэлеканалу «Прямий» (prm.ua):

«Нам проста трэба пераносіць перамоўную пляцоўку з Менску ў якуюсьці іншую сталіцу. Пры ўсёй маёй павазе да беларускай дыпламатыі, але я не магу такую пазіцыю зразумець, пра якую нейтральнасць гаворка? І хай яны на нас не крыўдуюць, але факты на табло Генеральнай асамблеі».

Але каб перанесці перамоўную пляцоўку з Менску, патрэбная яшчэ і згода Масквы, якой пакуль няма. З аднаго боку, улады Расеі маюць у Беларусі поўную падтрымку дыпламатаў і спецслужбаў. З другога – улады Беларусі спрабуюць не толькі дэманстраваць нейтральнасць, але і шукаць эканамічныя «гешэфты» з Украінаю. Яўген Магда, палітолаг, Кіеў:

«Расея насамрэч занепакоеная тым, што Беларусь пастаўляла Украіне паліўна-змазачныя матэрыялы, вайскова-тэхнічнаю супрацаю, напрыклад, вытворчасцю супрацьтанкавых ракетных комплексаў. Занепакоеная і тым, што грузавікі МАЗ апынаюцца ва Украіне і выкарыстоўваюцца ўкраінскімі сілавымі структурамі».

І, натуральна, Расея зацікаўленая ў згортванні гэтай супрацы, каб Беларусь не падтрымлівала яе праціўніка ды агулам засяродзілася толькі на расейскіх рынках.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: REUTERS / Ali Hashisho / FORUM

Глядзі таксама
Каментары