Аб'ектыў 10.08.2017 У Шабанах закрылі школу. Менчукоў гэта раззлавала


За тры тыдні да пачатку навучальнага года вучні 210-ай школы, якая лічыцца найлепшай у Заводскім раёне сталіцы, даведаліся, што вучыцца ім давядзецца ў іншых навучальных установах.

210-ую зачыняюць на капітальны рамонт на нявызначаны тэрмін

Напярэдадні ўвечары падчас адмысловага сходу прадстаўнікі адміністрацыі Заводскага раёну і Камітэту адукацыі даводзілі бацькам, што будынак школы эксперты прызналі аварыйным. Бацькі абураліся: як такое магло здарыцца, што школа, пабудаваная ў 1993-ім годзе, зрабілася пагрозаю для жыцця дзяцей і настаўнікаў?

Эксперты паказалі бацькам здымкі небяспечных месцаў абʼекту – іржавая арматура ў падмурку будынку, залітыя вадою сутарэнні, мокрая столь і падгнілыя бэлькі перакрыццяў.

У школу едуць людзі з усяго Менску

Каб захаваць калектыў школы, а гэта тысяча навучэнцаў і з тры дзясяткі настаўнікаў, вучыцца будуць у другую змену. Частка вучняў – у 186-ай школе, а пачатковыя класы і 11-ты – у дзвюхсотай. Бацькі вельмі непакояцца, што будынак іхнае школы ўвогуле знясуць, а тады знікне і нумар школы.

«Вучні ўдзельнічалі ў алімпіядах, заваёўвалі прызавыя месцы, паступалі ў ВНУ. Людзі сюды прыязджаюць з Нямігі з цэнтру горада. Прыязджаюць з Сокала, з Раўбіч. Гэта сведчыць пра высокі патэнцыял выкладчыкаў», – упэўнены Аляксандр Працкевіч, бацька вучня 5-га класа.

210-ая школа сталася другою з ліку ў раёне, якую зачынілі праз аварыйны стан будынку. На сходзе бацькі патрабавалі даць канкрэтны адказ на пытанне: калі дзеці змогуць вярнуцца ў родную школу? Але пачулі толькі, што экспертная камісія будзе працаваць мінімум паўгода. А ўжо колькі будуць весціся рамонтныя працы – увогуле не вядома. Пытання будоўлі новага будынку школы адміністрацыя раёну ўвогуле не разглядае.

Любоў Лунёва, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары