Аб'ектыў 09.01.2017 У Польшчу прыбыла першая група амерыканскіх вайскоўцаў


Першая група амерыканскіх вайскоўцаў прыбыла ў польскі Вроцлаў, а таксама на палігон Жагань. Паралельна з гэтым у Нямеччыне выгрузілі цяжкую вайсковую тэхніку, якая неўзабаве складзе танкавую брыгаду ды накіруецца на польска-літоўскую мяжу. Пра тое, што гэта гістарычны момант, кажуць і ў Варшаве, і ў Вашынгтоне. Больш за тое, амерыканскія вайскоўцы адкрыта гавораць: перакідванне сілаў ва Усходнюю Еўропу – адказ на расейскую агрэсію ва Украіне.

Пастанавілі распачаць Еўрапейскую ініцыятыву падбадзёрвання

«Ініцыятыва мае некалькі кірункаў: мы пашыраем нашую прысутнасць у рэгіёне і паляпшаем інфраструктуру. Разгортванне амерыканскіх сілаў – адказ на спробы расейскага ўраду дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне», – зазначыў Тым Рэ, генерал Узброеных сілаў ЗША.

Пры гэтым у Варшаве кажуць, што зацікаўленыя ў як мага большай прысутнасці амерыканскіх вайскоўцаў у Польшчы. Віцэ-міністр абароны Томаш Шаткоўскі распавёў, што нягледзячы на ўсе заявы новаабранага амерыканскага прэзідэнта, у Вашынгтоне захоўваецца кансэнсус адносна ўзмацнення палітыкі бяспекі саюзнікаў з НАТО.

«Гэта вялікі крок наперад. Два гады таму, нават год таму мы маглі разлічваць на некалькі сотняў жаўнераў, якія не мелі б такой цяжкой зброі. У дачыненні бяспекі ў рэгіёне гэта якасная змена, якая адбылася цягам года», – спадар Шаткоўскі.

Галоўная задача – эфектыўна інтэграваць усе баявыя адзінкі паміж сабою

Папярэдняя ж стратэгія прадугледжвала перавагу амерыканскіх вайскоўцаў у асобных сферах, напрыклад, у паветры.

«Цягам апошніх двух гадоў мы шмат інвеставалі ва ўзброеныя сілы. Сёлета інвестыцыі перавысяць 3 мільярды долараў. Гэтыя сродкі будуць накіраваныя ў тым ліку і на спецаперацыі, якія мы праводзім разам з саюзнікамі з НАТО дзеля ўмацавання бяспекі», – патлумачыў генерал Тым Рэй.

Вайсковы аглядальнік: «Гэта чырвоная лінія для Расеі»

Танкавая брыгада ЗША, якая ў хуткім часе накіруецца з Нямеччыны ў Польшчу, будзе налічваць каля 2 800 адзінак тэхнікі. Пры гэтым брыгада будзе размяшчацца не далей як за 200 кіламетраў ад Калінінграду, але і ад Горадні. Эксперт Аляксандр Алесін кажа, што амерыканскіх вайскоўцаў ва Усходняй Еўропе чакалі, але крыху пазней.

«Яна мусіла стаць своеасаблівай чырвонай лініяй гэтая брыгада, якая паказала бы Расеі межы, за якія яна не мусіць прасоўвацца. І зразумела, што напад на амерыканцаў – гэта пачатак вайны паміж Расеяй і ЗША і гэта павінна стрымліваць Расею ад варожых дзеянняў ва Усходняй Еўропе, краінах Балтыі і Польшчы», – упэўнены Аляксандр Алесін.

Амерыканцаў у Еўропе шмат

На тэрыторыі Еўропы дыслакуюцца каля 70 тысячаў амерыканскіх жаўнераў. Плануецца, што дзясятая частка з іх, то бок каля 7 тысячаў, будуць стала размяшчацца на тэрыторыі Польшчы.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: The U.S. Army

Глядзі таксама
Каментары