У навагоднюю ноч міліцыянт двойчы стрэліў у жыхара Менску


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=IpsDOA897r4″][vc_column_text]Навагодняя ноч на вуліцы Любімава ў Менску ледзь ня скончылася трагедыяй. Святочны настрой змяніўся шокам пасля таго, як у адным з дамоў прагучалі стрэлы. Як стала вядома пазней, такім быў вынік спрэчкі паміж міліцыянтам і 28-гадовым працаўніком «Кераміну» Андрэем.

«Я выразна бачыла, як міліцыянт стаяў на лесвіцы. Андрэй ляжаў каля ўвахода ў тамбур у крыві. Міліцыянт накіраваў зброю ў наш бок. Я спужалася і вярнулася ў кватэру», – кажа сяброўка Андрэя.

Паводле афіцыйнай версіі, міліцыянт прыбыў у адну з кватэраў, дзе група моладзі адзначала Новы год. Праваахоўнікаў выклікалі суседзі, якія скардзіліся на шум. Як паведамілі ў Гарадскім упраўленні ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, інцыдэнт распачаў нецвярозы мужчына.

«Дзверы кватэры адчыніў грамадзянін, які адразу пачаў паводзіцца агрэсіўна і неадэкватна. Ён прычыняе міліцыянту фізічныя пашкоджанні ды намагаецца завалодаць ягонаю табельнаю зброяй. Міліцыянт перадухіляе гэтую спробу. Спачатку ён вусна папярэджвае, пасля – папераджальна страляе», – заявіў прадстаўнік ГУУС Менскага гарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі.

Пасля былі два стрэлы, якія паранілі маладзёна. Са словаў сваякоў, цяпер Андрэй у цяжкім стане застаецца ў рэанімацыі галоўнага вайсковага клінічнага шпіталю. Да яго нікога не пускаюць. Інфармацыі пра стан здароўя параненага не даюць нават бацькам.

«Я даведалася, што ў Андрэя параненая нага, спіна і як бы пашкоджанае лёгкае. Ён учора быў на апараце штучнага дыхання, ён страціў шмат крыві», – узгадвае маці Андрэя.

«Я так разумею, што ён знаходзіцца пад арыштам. Каля ягонай палаты дзяжурыць тры міліцыянты», – кажа жонка хлопца.

Як цвердзяць сведкі падзеяў, маладзён мог памерці ад ранаў. Міліцыя нават не збіралася выклікаць хуткай дапамогі. Да дактароў звярнуліся сябры Андрэя.

«Андрэй ляжаў у крыві, а міліцыянт выйшаў з падʼезду і курыў», – распавядае сусед.

«Гэта поўны абсурд. Што гэта за міліцыя, якая стрэліла і ўцякла», – кажа бацька Андрэя.

Адметна, што версія падзеяў, якую агучылі блізкія параненага, значна адрозніваецца ад афіцыйнай. У прыватнасці, па выкліку меўся прыбыць не адзін, а трое міліцыянтаў. Маладзёны паводзіліся спакойна. Зрэшты, у тое, што Андрэй мог збіць міліцыянта, ня вераць ягоныя сябры ды сваякі.

«Было ціха, ніхто не шумеў. Яны адзначалі новы год як цывілізаваныя людзі», – кажа сусед.

А нават калі і дапусціць, што нецвярозы мужчына супраціўляўся праваахоўніку, то выкарыстанне зброі, каб яго абясшкодзіць, выклікае шмат пытанняў. Адно з іх: ці можна было пазбегчы страляніны? Ці міліцыянт паводзіўся адэкватна?

«Зброя не выкарыстоўваецца ў дачыненні няпоўнагадовых асобаў і жанчын. Калі зброя была накіраваная на няпоўнагадовую дзяўчыну, гэта было парушэнне інструкцыі», – тлумачыць генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб.

Аднак парушальнікам абвесцілі менавіта маладзёна. Цяпер яму пагражае турма. Па факце супраціву міліцыянтам ужо завялі крымінальную справу.

Ян Бабіцкі, «Белсат»