Аб'ектыў 17.10.2017 У Кіеве сутычкі паміж прыхільнікамі Саакашвілі ды Нацгвардыяй


Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, усяго ў пратэстах у Кіеве ўзялі ўдзел каля 6 тысячаў чалавек. Агульная колькасць паліцыянтаў і байцоў Нацыянальнай гвардыі – 3,5 тысячы. Украінскія медыі падалі прыкладна тыя ж лічбы. Арганізавалі акцыю прыхільнікі экс-кіраўніка Адэскай вобласці Міхэіла Саакашвілі, партыі «Батькивщина», «Свобода» і «Самопомоч», «Правы сектар» ды іншыя.

Пратэстоўцы прыгразілі блакадаю Вярхоўнай Рады і бестэрміновым пратэстам

«Я заклікаю кіяўлянаў пасля працоўнага дня, бо мы нікуды не разыходзімся, прыйсці сюды, дадацца да нас і патрабаваць толькі аднога: каб Парашэнка падумаў аб сыходзе са сваёй пасады!», – заклікаў экс-прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі.

Дайшло да сутычак з паліцыяй і Нацгвардыяй, тры чалавекі з абодвух бакоў пацярпелі. Потым праваахоўнікі стварылі жывы калідор, каб пратэстоўцы ўсталявалі намёты. Асноўныя патрабаванні арганізатараў акцыі: стварэнне антыкарупцыйнага суда, зняцце недакранальнасці з народных дэпутатаў і правядзенне выбарчай рэформы. А заадно і адстаўка прэзідэнта.

«Прэзідэнт Парашэнка не выканаў сваёй перадвыбарчай праграмы «Жыць па-новаму». Таму ён мусіць адказаць за свае словы і сысці ў адстаўку».

«Дзеянні ўладаў за апошнія тры гады толькі пагаршаюць стан звычайных грамадзянаў Украіны».

– зазначылі ўдзельнікі пратэсту.

Парашэнка вітаў удзельнікаў мітынгу пад Радаю

«Мірныя маніфестацыі – надзвычай важны элемент дэмакратыі. І я з разуменнем стаўлюся да акцыі і да ўдзельнікаў. Апроч таго, я патрабую ад праваахоўных органаў забяспечыць мірны характар акцыі. Нельга, каб дзеянні безадказных палітыканаў прывялі да трагічных падзеяў, такіх, як 31-га жніўня, калі загінулі чацвёра нацгвардзейцаў», – зазначыў прэзідэнт Украіны.

Раней Служба бяспекі Украіны паведаміла, што радыкальна настроеныя нацыяналістычныя структуры рыхтавалі на гэты мітынг правакацыі. Сілавікі заблакавалі спробы набыць зброю: 2 аўтаматы Калашнікава і 3 гранатамёты.

Парашэнка нагадаў, што сам даўно падзяляе патрабаванні пратэстоўцаў

Сёння ж прэзідэнт Украіны ўнёс у парламент законапраект аб зняцці «дэпутацкай недакранальнасці» пад статусам «неадкладны».

Свядома ці несвядома, але на карысць Парашэнку публічна згуляў ягоны праціўнік, дэпутат Уладзімір Парасюк, які не раз выкарыстоўваў кулакі і ногі ў Вярхоўнай Радзе. Пад будынкам парламенту Парасюк дачапіўся да кіраўніка Упраўлення дзяржаховы Валерыя Гелетэя, які тры гады таму быў міністрам абароны, пагражаў зламаць Гелетэю руку і нанёс некалькі ўдараў нагой.

Гелетэй не адказаў на гэтыя дзеянні, Парасюка не затрымалі. Усё ж дэпутат, пад абаронаю статусу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Valentyn Oogirenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары