У Гомлі ўшанавалі памяць героя Нябеснай сотні Міхася Жызнеўскага


Пяць гадоў таму ў Кіеве на Майдане забілі беларуса Міхаіла Жызнеўскага. Ён стаўся адною з першых ахвяраў з ліку Нябеснай сотні. Актывісты шэрагу незалежных арганізацыяў наведалі сёння магілу загінулага. Акцыя памяці ў вёсцы Знамя Труда, што на Гомельшчыне, распачалася са службы, якую зладзілі святары Беларускай аўтакефальнай царквы.

«Я пазнаёміўся з Жызнеўскім на Майдане, незадоўга да той трагічнай падзеі. І першае, што я ў ім пабачыў, – гэта немагчымасць стаяць убаку, калі побач адбываецца нейкая дрэнь, якую трэба спыняць», – распавядае Максім Вінярскі, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

«Міхась з’яўляецца сімвалам барацьбы, змагання, нязломнасці і ахвярнасці. Для беларусаў гэта вельмі важна – як Кастусь Каліноўскі, як Эмілія Плятэр. Ён ёсць тым чалавекам, які паказаў, як за волю трэба ахвяраваць – не толькі сваім нейкім утулкам, не толькі сваім прыемным жыццём, але і жыццём увогуле – жыццём фізічным», – кажа бард Зміцер Захарэвіч.

«Мы проста не можам сёння не быць на гэтым месцы, дзе ляжыць герой Украіны і герой Беларусі. Няхай пакуль ён таго звання яшчэ не мае, але ў сапраўднай, незалежнай Беларусі Міхась Жызнеўскі будзе героем Беларусі», – адначыў Уладзімір Кацора, кіраўнік гомельскага грамадска-палітычнага цэнтра «Палеская 52».