Аб'ектыў 19.01.2017 У Берасці раздалі дзяржаўныя кватэры, а цяпер выганяюць з іх 320 чалавек


Хто не марыць пра свой цёплы ўтульны кут? Дзеля атрымання запаветных квадратных метраў людзі дзесяцігоддзямі стаяць у чэргах на кватэру. Гэтак пасля 20-ці гадоў чакання сям’я Кацярыны Касьян у Берасці ўрэшце атрымала жытло, якое аднак сталася пасткаю, а жыхары – закладнікамі няпростае сітуацыі.

«Людзі падпісалі сабе смяротны вырак, бо баяліся, што ўвогуле застануцца на вуліцы», – кажа спадарыня Касьян.

Ужо бліжэйшым часам застацца на вуліцы рызыкуюць 320 чалавек

Гэта людзі, якія атрымалі кватэры ў доме № 68 на вуліцы Машэнскага, пабудаваным у 95-ым годзе прадпрыемствам «Белтрубаправодбуд».

«Першапачаткова ім давалі як дзяржаўнае жытло. Гарвыканкам зняў нас з дзяржаўных чэргаў на жытло, выдаў нам ордэры, заключыў з намі дамовы на бязвыплатнае карыстанне», – узгадвае жыхар дому Андрэй Шлемянкоў.

Прадпрыемства праігнаравала Савет Міністраў

Да 2007-га года паводле пастановы Савету Міністраў «Белтрубаправодбуд» меўся перадаць ведамаснае жытло ў камунальную ўласнасць, але не зрабіў гэтага. Затое стварыў даччыную прыватную фірму «Тэз-сэрвіс» і перадаў ёй правы на дом.

«З 2013 года нас спрабуюць абавязаць выкупаць гэтыя кватэры, матывуючы тым, што гэта прыватны жыллёвы фонд, хаця мы іх атрымлівалі як дзяржаўныя кватэры», – тлумачыць Андрэй Шлемянкоў.

Прыватызаваць кватэры стала немагчыма

Выкупіць жа нерухомасць можна за камерцыйны кошт, прычым сума налічаная ў доларах.

«Мы самі будавалі гэты дом, тады цэгла 10 капеек каштавала, але цяпер з нас долары бяруць. Ці нам хтосьці плаціць у доларах?», – абураецца яшчэ адзін жыхар Уладзімір Каверын.

Плаці штомесяц Br 800 альбо вымятайся

Калі ж цягам 5-ці гадоў з моманту падпісання дамовы куплі-продажу жыхары не сплацяць поўнага кошту кватэры, то застануцца на вуліцы. Месячныя выплаты па ёй – $ 340.

«Плюс квартплата, і плюс усё астатняе. Гэта выходзіць недзе восем мільёнаў. Я атрымліваю тры, а мушу заплаціць восем. У мяне дамова куплі-продажу ёсць, але грошы не выплачваю. Я не ведаю, што са мною далей будзе – мяне проста пасадзяць», – дзеліцца небарака Ала Бярэнчык.

Тыя ж, хто не заключыў або скасаваў рабаўнічую дамову, мусяць плаціць арэнду за, здавалася б, сваё жытло таксама паводле камерцыйных ставак.

Жыхары звярталіся ўва ўсе інстанцыі

Шукалі дапамогі праз гар-аблвыканкам, пракуратуру, міністэрствы, суды і нават у Адміністрацыю прэзідэнта. Яны дамагаюцца магчымасці выкупіць жытло паводле зніжальнага каэфіцыенту, які павінен быць ужыты да іх як да жыхароў, якія ўжо 15 гадоў пражылі ў гэтым доме.

Але прадстаўнікі ўлады, што далі магчымасць прадпрыемству абмінуць закон, не імкнуцца дапамагчы пацярпелым людзям, на няшчасці якіх хоча нажыцца прыватная фірма.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары