У Беларусі найглыбейшае пагаршэнне дабрабыту за 22 гады


Найглыбейшае пагаршэнне дабрабыту за апошнія 22 гады. Мацнейшае падзенне прыбыткаўнасельніцтва за сёлетняе назіралася апошні раз у першай палове 90-х гадоў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, рэальныя наяўныя даходы насельніцтва знізіліся з пачатку года на 7.2 %.

«Даходы насельніцтва адлюстроўваюць агульны стан эканомікі. Падае валавы ўнутраны прадукт», – звяртае ўвагу эканаміст Леў Марголін.

За два гады збяднелі на 17 %!

З пачатку мінулага года, паводле афіцыйнай статыстыкі, беларусы збяднелі, з улікам інфляцыі, на 13 %. Але ацэнка інфляцыі ў Беларусі выклікае пытанні міжнародных адмыслоўцаў – бо ўлады рэгулююць кошты. Калі ж падлічыць дабрабыт у бюджэтах пражыткавага мінімуму, атрымліваецца, што за два гады беларусы збяднелі ў сярэднім на 17 %.

Прагнозы несуцяшальныя

Раней у гэтым месяцы навуковы інстытут Міністэрства эканомікі прызнаў, што, нягледзячы на перыядычныя спробы адміністрацыйнай мадэрнізацыі, беларускі дзяржсектар за апошнія 20 гадоў адстаў ад развітых краінаў утрая ў галіне тэхналогіяў і ў 5–6 разоў паводле прадукцыйнасці працы. І гэты разрыў пашыраецца. Таму прагноз эканамістаў наконт прыбыткаў насельніцтва несуцяшальны.

«Даходы насельніцтва будуць падаць і надалей. Бо рэформаў ніякіх няма, няма інвестыцыяў, адсюль няма росту прадукцыйнасці працы і ня будзе росту заробкаў», – тлумачыць Леў Марголін.

Паводле эканаміста, надзеі на падаражэнне нафты і рост расейскага рынку мала, бо, па-першае, бліжэйшым часам, на ягоную думку, гэтага ня здарыцца. А па-другое, расейская нафтавая субсідыя для Беларусі неўзабаве можа быць зведзеная практычна на нішто праз гэтак званы падатковы манеўр у Расеі. Пасля яго заканчэння расейская нафта будзе паступаць у Беларусь па коштах, блізкіх да сусветных.

Станіслаў Івашкевіч, Менск