У Беларусаў сканчаецца цярпенне: працаўніца з Гомля падпаліла сябе ад адчаю


Працавала прыбіральшчыцаю 12 гадоў, ніякіх нараканняў з яе боку не было і ўвогуле, мае толькі самыя станоўчыя водгукі. Такую характарыстыку кіраўніцтва «Камінтэрну» дае працаўніцы, што раніцаю падпаліла сябе на прахадной.

Паводле сведкаў, яна ўжо прыйшла аблітая гаручай вадкасцю, а на ўваходзе падпалілася.

Гамяльчанку выратаваў індывідуальны прадпрымальнік

Іпэшнік, які на прахадной рамантаваў турнікет, накінуў на жанчыну коўдру. Праз паўгадзіны пасля здарэння жанчыну даставілі ў рэанімацыю.

«Яна атрымала апёкі 50 % цела, стан ацэньваецца як цяжкі, пераведзеная на штучную вентыляцыю лёгкіх. Пры паступленні яна была ў прытомнасці і патлумачыла, што апошнія тыдні яна знаходзілася на амбулаторным лячэнні ў Гомельскай абласной псіхіятрычнай больніцы», – праінфармаваў Уладзімір Кавалёў, загадчык аддзелу рэанімацыі Гомельскай гарадской больніцы № 1.

Не так даўно жанчына страціла мужа

Апроч таго ў яе ўзніклі праблемы з атрыманнем дакументаў з Расеі, якія пацвярджалі яе працоўны стаж. Некаторыя відавочцы кажуць, што жанчына крычала: скралі 18 гадоў пенсіі. Псіхолаг Людміла Мірзаянава тлумачыць, ў сітуацыі крызісу людзі становяцца менш чулымі да праблемаў іншых і адпаведна шмат хто застаецца сам на сам са сваймі праблемамі.

«У нас прынята ганарыцца медыцынай, тым што перасаджваем ныркі, гэта добра, але што да дэпрэсіі і яе лекавання, аб гэтым няма гаворкі. А дэпрэсія сустракаецца часцей за анкалогію, сардэчныя захворванні і туберкулёз», – тлумачыць Людміла Мірзаянава, кандыдат псіхалагічных навук.

Эканамічны крызіс падштурхоўвае да дэпрэсіі тысячы беларусаў

Здарэнне ў Гомлі – скрайні выпадак, дзе сышліся пытанні пенсіі і сацыяльнай неабароненасці, улады ж сваймі дзеяннямі, як падвышэнне пенсійнага ўзросту ці дэкрэтам № 3, толькі падліваюць алею ў агонь.

«Ці перажывае ўлада аб тых хто страціў надзею? Я гэтага не бачу. Што было ў сакавіку, тысячы беларусаў пратэставалі, гэта былі людзі ўсе ў дэпрэсіі, але ці выйшла ўлада да людзей? Не», – падсумоўвае спадарыня Мірзаянава.

Гэта не першы выпадак, калі даведзеныя да адчаю беларусы робяць такія ж адчайныя крокі. Летась мужчына, якому не плацілі заробку, пратэставаў на вежавым кране, шматдзетная маці ў Жлобіне выкінулася з 10 паверху, а магілёўскі пенсіянер пагражаў учыніць самаспаленне праз бяздзейнасць міліцыянтаў.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: allthechildrenoflight.wordpress.com