У Беларусь без візы ўжо з сёння. Але чаму ніхто можа не прыехаць?


Парк «Аўгустоўскі канал», Горадня і частка вобласці з сёння чакаюць першых бязвізавых турыстаў. На бязвізавы, хоць і аднабаковы рэжым чакалі не адзін год, але падрыхтавацца, відавочна, не паспелі – кажуць турагенты.

ГАННА ШАРЭНДА ТУРФІРМА «МЕРЦАНА»

«Там нават няма нармальных прыбіральняў. Пачнем з гэтага, а людзі, калі прыязджаюць – першае пытанне – як і дзе схадзіць у прыбіральню. Другое пытанне, што ўзнікае – дзе людзі будуць ночыць? Там няма ні аднаго прыстойнага гатэлю. Ёсць, канешне аграсядзібы, але сітуацыя з аграсядзібамі незразумелая»

13-га кастрычніка ўлады анансавалі папраўкі ў 372-гі ўказ, які забароніць уладальнікам аграсядзібаў прымаць больш за 20 турыстаў адначасова і ладзіць там вяселлі. Гэта можа спрычыніцца да закрыцця вялікае часткі абʼектаў, заявілі ўласнікі аграсядзібаў. Што ж да турыстычнае інфраструктуры ды тых жа прыбіральняў, то пустыя сёння мясціны вакол Аўгустаўскага каналу прыкладна гэтак сустрэнуць гасцей з блізкага замежжа. Апытаныя намі гарадзенцы, відавочна ведаюць пра гэтыя праблемы

«Там трэба зрабіць начлегі нейкія цывілізаваныя, можа з два гатэлі»,

«Трэба ўмовы для іх зрабіць – каб гэта ўсё было цывільна, каб былі прыбіральні, каб былі ўмывальнікі, каб былі домікі, каб было дзе адпачываць»,

«Турызм трэба развіваць, бо наш бок Аўгустаўскага каналу моцна саступае польскаму – быў, бачыў. Трэба неяк імкнуцца да лепшага».

Ля ўезду ў бязвізавы рэгіён усталявалі інфармацыйныя знакі на трох мовах. Там ня толькі няма беларускай, але і інфармацыя па-польску напісаная з памылкамі. Таксама і ў адмысловых пропусках для бязвізавых турыстаў не знайшлося месца для беларускай мовы. Праваабаронцы Уладзіміру Хільмановічу ў аблвыканкаме адказалі, што выкарыстанне беларускай мовы ў так званым пашпарце турыста «немэтазгоднае»

УЛАДЗІМІР ХІЛЬМАНОВІЧ. ПУБЛІЦЫСТ І ПРАВААБАРОНЦА

«Уявіце сабе, што прыкладам Польшча ўводзіла б такія пашпарты і выдавала б іх па-расейску, ангельску і беларуску. І тады б з Горадні прыязджалі б палякі, а яны таксама ведаюць і расейскую і беларускую, а шмат хто і англійскую мову – то таксама, навошта на польскай. Але гэта ў галаву нікому не прыйшло»

Бязвізавая зона пачынаецца ад пераходу ля Аўгустоўскага каналу, ахоплівае Горадню і канчаецца на дарозе да Скідзелю. Уехаць будзе можна праз памежныя пункты Брузгі і Рудаўка – з польскага боку, з літоўскага – праз Райгардас і Швяндубре ў Прывалцы. Чакаюць турыстаў перадусім з суседніх тэрыторыяў

УЛАДЗІМІР ХІЛЬМАНОВІЧ

«Гэтую рэкрэацыйную зону вакол Аўгустаўскага каналу, сам горад Горадня будуць наведваць пераважна людзі з сумежных тэрыторыяў. Я мяркую, што адсотак людзей з Падляшша, з той жа Літвы будзе перавышаць адсотак людзей з іншых краінаў»

Каб наведаць Каралеўскі горад Горадню і Аўгустаўскі канал замежнікам трэба мець пры сабе пашпарт звыйчаны і так званы пашпарт турыстычны, які выдаюць польскія і беларускія турыстычныя агенцтвы. Такая магчымасць будзе дзеяць толькі да канца наступнага году.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»