Вялікія змены плануюцца ў сістэме цэнтралізаванага тэставання. Кіраўнік дзяржавы заявіў аб неабходнасці яго аптымізацыі, а ў некаторых сферах нават адмены.
Такі загад даў Лукашэнка. Цяпер адмысловыя працоўныя групы пры Міністэрстве адукацыі высвятляюць наколькі, цэнтралізаванае тэставанне дастасаванае да падручнікаў, паводле якіх навучаюцца беларускія школьнікі.
«Ужо ў гэтым годзе мне новы міністр, якога я нядаўна прызначыў, паабяцаў мне, што ўсе абсалютна тэсты будуць арыентаваныя на школьныя праграмы», – запэўніў кіраўнік Беларусі.
Міністэрства адукацыі вывучае замежныя методыкі кантролю ведаў. Чакаецца, што ў выніку цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі набудзе новы выгляд. Таксама кіраўнік Беларусі прапанаваў адмяніць тэсты для паступлення на некаторыя творчыя спецыяльнасці.
Таксама дзеля таго, каб удзельнічаць у конкурсе, сёлета абітурыенту трэба набраць мінімум 20–25 балаў на кожным з этапаў тэставання. Раней норма складала 10–15 балаў, што рабілася прычынаю ненатуральна нізкіх прахадных балаў на некаторыя спецыяльнасці. Гэтак, у мінулым годзе на бясплатнае аддзяленне фізіка-інжынернага факультэту Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту можна было паступіць, маючы 105 балаў сумарна з чатырох дысцыплінаў.
Нават з улікам крытыкі, якая гучыць у бок цэнтралізаванага тэставання, эксперты адзначаюць: гэта, пэўна, адзіны элемент беларускай сістэмы адукацыі, які працуе і добра выконвае сваю функцыю. Таму ўносіць змены ў яго трэба паступова і вельмі акуратна, каб не паламаць ужо тое, што працуе.
Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: vetka.by