Аб'ектыў 18.06.2018 Ці змогуць «Geely» заваяваць Расею?


«Амаль на палову беларускай» стала вытворчасць аўтамабіляў на прадпрыемстве «БелДжы» – пахваліўся Міністр прамысловасці Беларусі Віталь Воўк. А гэта азначае, што беларуска-кітайскія аўты змогуць абыйсці высокія мытныя зборы на ўвоз у краіны Еўразійскай Эканамічнай прасторы. Калі ў Беларусі пакуль не бачна буму на «Geely», дык можа іх разбяруць расейцы?

Беларуска-кітайскае аўта, ці кітайска-беларускае? Пытанне надзвычай істотнае, калі збіраешся, як завод «БелДжы», прадаваць тысячы машынаў у краіны Еўразійскай Эканамічнай прасторы. На сёння беларускі ўнёсак у «Geely» – мала істотны.

«Калі мы зараз пачнем разбіраць цяперашняе «Geely»… мы чулі, што там амаль што 50 % – мы не пабачым там амаль што беларускіх запчастак, ці расейскіх. Ну, акрамя нейкіх нешматлікіх пазіцыяў. На дадзены момант лакалізацыя дасягаецца тым, што зварачныя працэсы і афарбоўка адбываецца ў Беларусі», – тлумачыць галоўны рэдактар abw.by Аляксей Хвашчынскі.

А з першага ліпеня, каб без абмежаванняў пастаўляць машыны на расейскі рынак, лакалізацыя мае сягаць 50 %. Мяркуецца, што гэта будзе зроблена дзякуючы айчынным рухавікам, акумулятарам і шынам. Кошт таго ж паркетніку «Geely Atlas» у Расеі складзе ад мільёну да мільёну чатырыста мясцовых рублёў, у залежнасці ад камплектацыі.

Жыхары Тальяці (Расея):

«Я ў прынцыпе не давяраю кітайскім машынам, таму не. Хіба што па парадзе знаёмага».

«Хіба з запчасткамі было б цяжка, ды сэрвісам. І ўвогуле варта падтрымліваць айчыннага вытворцу».

«Не купіла б, бо вельмі мала інфармацыі пра гэтае аўта, а пра кітайскія машыны – процьма дрэнных водгукаў».

Як казаў міністр прамысловасці яшчэ летась, львіная доля прадукцыі заводу «БелДжы» – каля 90 %, мае ісці ў Расею. Улічваючы планы дасягнуць вытворчасці памерам да 60 тысяч аўтаў на год, гэта б перавярнула расейскі рынак.

«Перспектывы кітайскага аўтамабіля за такія грошы – ня вельмі вясёлкавыя, бо за такі кошт можна набыць такія надзейна зарэкамендаваныя аўты, як Хюндай Крэта, Рэно Дастэр, Рэно Капцюр, нават Тайоту Раф 4 можна набыць», – кажа Азат Цімерханаў з аналітычнага агенцтва «Автостат» (Тальяці).

Расейскі эксперт нагадвае, што летась усіх кітайскіх аўтаў у Расеі купілі толькі каля 36 тысяч. Заваяваць гэты рынак магчыма толькі адным шляхам, мяркуюць у калысцы расейскага аўтапраму.

«Іншага шляху, як знізіць кошты, я на жаль не бачу. Але ўявіце, наколькі трэба знізіць. Я ўжо ўзгадваў Ліфан х60 – самы прадаваны кітайскі красовер – менш за паўтары тысячы(прададзена) за чатыры месяца, але ён каштуе ад 650 тысяч, а «Geely Atlas» – ад мільёну», – кажа Цімерханаў.

У «БелДжы» ёсць і больш бюджэтная прапанова – седан «Geely Emgrand». Кошт, прынамсі ў Беларусі, пачынаецца да 23 тысяч рублёў.

Тым не менш, продажы беларуска-кітайскіх «Geely» ў нашай краіне растуць. Толькі за першыя пяць месяцаў году купілі больш аўтаў, чымся за ўвесь мінулы год. Дапамагае выгодная крэдытная праграма. Так тую ж «Geely Atlas» можна ўзяць у крэдыт па 379 рублёў цягам першых трох год.

«Масавыя продажы ў Беларусі мы наўрад ці калісьці пабачым. Пакуль што не тое ў нас становішча ў эканоміцы, каб людзі маглі купляць новыя машыны. Калі добра ўсё будзе з піярам і маркетынгам у Расеі, завод зможа выйсці на планаваныя паказнікі», – адзначае галоўны рэдактар abw.by Аляксей Хвашчынскі.

А кітайскаму вытворцу няма куды спяшацца. Арыентуючыся перадусім на ўласны рынак, «Geely» можа пахваліцца чыстым прыбыткам у больш, як паўтары мільярда долараў летась. Таму для іх вытворчасць у Барысаве – стратэгічны праект беларускіх уладаў – хутчэй за ўсё, ня больш за пробны камень у заходні рынак.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары