Ці выцягне прэм’ер-фінансіст Румас беларускую эканоміку


Ужо на пачатку тыдня было відавочна, што айчынную вертыкаль улады чакаюць сур’ёзныя перастаноўкі.

Афіцыйная прычына гучала так:

«Прычына адна – у пафігічным стаўленні ўраду да загадаў прэзідэнта!»

Такія ўражанні ў афіцыйнага лідара засталіся пасля наведання Аршанскага раёну. Маўляў, там былы ўрад не справіўся. Ці справіцца новы? Імя новага прэмʼера і шэрагу міністраў Аляксандр Лукашэнка агучыў толькі сёння. Новы кіраўнік ураду Сяргей Румас можа пахваліцца прынамсі тым, што выцягнуў шэраг прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны, і яны пачалі зарабляць. Мае рэпутацыю прыхільніка рынкавых рэформаў. Увогуле, маладзейшы ўрад дае надзею на гатовасць да пэўных пераменаў, адзначаюць эксперты.

«І ў вертыкалі, і ва ўрадзе ёсць някепскія нармальныя выканаўцы ды адмыслоўцы з сучасным мысленнем. Вось да прыкладу – паставілі Мікалая Калавура на чале Нацбанку, далі яму пэўныя паўнамоцтвы, дазволілі весці строгую палітыку, ці, можа, гэта ён пераканаў прыпыніць друкаваць вагонамі грошы ды некалькі год нармальна трымаецца гэты рубель», – кажа Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік інфармацыйных праектаў кампаніі БелаПАН.

Лібераламі, прынамсі на фоне папярэднікаў, выглядаюць і іншыя новапрызначаныя кадры. Першы віцэ-прэмʼер Аляксандр Турчын дэкрыміналізаваў знакаміты 488-мы ўказ, які даваў магчымасць караць ледзь не кожнага прадпрымальніка. Новы міністр эканомікі Дзмітрый Круты з самога прыходу ў ведамства рабіў стаўку на развіццё рынку высокіх тэхналогіяў. Паводле Лукашэнкі, прызначэнні нават абмяркоўваліся з грамадзянскаю супольнасцю. У ягоным разуменні:

«Гэта не тыя, хто ходзіць па пляцах і размаўляе. Гэта кіраўніцтва нашай жаночай арганізацыі, моладзевай арганізацыі, прафсаюзаў і ветэранаў. Як мне даклалі – такія кансультацыі былі праведзеныя».

Праўда, зусім не абавязкова, што ператасоўка кадраў была здзейсненая дзеля лібералізацыі, заўважае Леанід Фрыдкін. Цалкам магчыма, што новы ўрад, наадварот, будзе старанна выконваць папулістычныя абяцанні афіцыйнага лідара.

«Тое, што пры адносна стабільнай у параўнанні з папярэднімі гадамі сітуацыяй у эканоміцы ўрад рэзка ідзе ў адстаўку, сведчыць пра наяўнасць сурʼёзных спрэчак, якія застануцца ў спадчыну новаму складу, і якому давядзецца з гэтым вельмі няпроста», – заўважае эканаміст Леанід Фрыдкін

Так Сяргей Румас сем год таму выступаў з праграмаю сістэмных рэформаў. У выніку страціў пасаду віцэ-прэмʼера і надоўга захрас у айчыннай федэрацыі футболу.

«Румаса ўсе лічаць пісьменным ды талковым фінансістам, і ён сапраўды такім ёсць. І калі ён гатовы без аглядкі выконваць рашэнні па трыядзе дабрабыт – парадачнасць – дысцыпліна, то ўзнікаюць сумневы ў тым, што ён гатовы свае фінансавыя таленты прыкласці да абароны свайго меркавання», – адзначае эканаміст Леанід Фрыдкін.

І новы намеснік прэмʼер-міністра Ігар Ляшэнка, якога чакаюць надзвычай цяжкія перамовы з Расеяй у нафтавым пытанні, і старшыня ВПК Раман Галаўчэнка, і адзін з нешматлікіх, хто перажыў леташнюю кастрычніцкую чыстку пасадоўцаў Аператыўна-аналітычнага цэнтру, новы міністр сувязі Канстанцін Шульган – усе дасведчаныя адмыслоўцы. З такою камандаю – хоць заўтра ў Еўразвяз.

«Беларускія чыноўнікі – вельмі дысцыплінаваныя: загадай рабіць рынкавыя рэформы – дык яны праз пяць гадоў зробяць узорную рынкавую краіну. Але пытанне – ці будзе такая адмашка, бо гэта ломка палітычнае сістэмы, а гэтага афіцыйны лідар рабіць не хоча», – заўважае Аляксандр Класкоўскі.

На фоне разгрому папярэдняга ўраду ўзмацняюцца пазіцыі Міністэрства замежных справаў: Уладзімір Макей прапаноўваў уласных кандыдатаў на міністэрскія пасады. І сілавога блоку. Да апошніх у Лукашэнкі не толькі ніякіх прэтэнзіяў няма, яны яшчэ меліся і адобрыць кожную з кандыдатураў.

Фотаздымак на застаўцы да відэа БелТА