12 гадоў таму, на Дзень народзінаў Уладзіміра Пуціна, праз два дні пасля Дня народзінаў Рамзана Кадырава, ва ўласным пад’ездзе была застрэленая журналістка і праваабаронца Ганна Паліткоўская. Жанчына займалася расследаваннямі злачынстваў у Чачэніі, востра крытыкавала ў сваіх працах і Пуціна, і Кадырава. Ці памятаюць расейцы, кім была Ганна Паліткоўская?
– Яна займалася нейкай палітыкай.
– Я не ведаю хто гэта.
– Пісала нешта пра ўлады.
– Не ўзгадаю, хто гэта.
У гадавіну забойства Паліткоўскай выданне «Новая газета», у якім працавала журналістка, склала спіс пытанняў, якія нават пасля некалькіх судоў застаюцца без адказаў. Вось некаторыя з іх:
1) У турме – выканаўцы і арганізатары забойства. Чаму не знайшлі замоўнікаў гэтага злачынства?
2) Хто перадаў арганізатарам 5 мільёнаў рублёў за забойства Паліткоўскай?
3) Хто ў Чачэніі дапамагаў кілеру Махмудаву замяніць адзін падроблены пашпарт на іншы ды вывезці сваю сямʼю ў Бельгію?
Сёння ўжо мала хто памятае, але групе чачэнцаў, якая непасрэдна займалася арганізацыяй забойства Паліткоўскай, дапамагалі былы падпалкоўнік міліцыі ды аператыўнікі Галоўнага ўпраўлення Міністэрства ўнутраных справаў па Маскве, а інфармацыю перадавалі нават працаўнікі ФСБ. Праз 12 гадоў пасля забойства журналісткі «Новой газеты» ейныя калегі надалей працуюць пад прыцэлам.
Дзмітрый Муратаў, Былы галоўны рэдактар «Новой газеты»: «Шмат каго з нашых супрацоўнікаў і аўтараў называюць нацыянал-здраднікамі. Здымаюць пра іх нейкія фільмы. А гэтыя людзі проста лічаць, што мір – гэта і ёсць патрыятызм. А вайна – гэта антыпатрыятызм. Сёння гэта нямодны пункт гледжання, але мы яго прытрымліваемся».
Каб зразумець, наколькі рызыкоўная праца журналістаў «Новой газеты» ды іхных аднадумцаў у сённяшняй Расеі, варта прывесці статыстыку. Пасля забойства Паліткоўскай у Расеі, паводле розных падлікаў, здзейснена ня менш за 50 забойстваў журналістаў. Да прыкладу, ва ўдвая большых паводле насельніцтва Злучаных Штатах за той жа перыяд у трох выпадках былі забітыя сямёра рэпарцёраў.
Ігар Кулей, «Белсат»