Аб'ектыў 01.07.2018 Ці будзе дэвальвацыя? Місія МВФ едзе на кансультацыі ў Беларусь


Пагаршэнне замежнай кан’юнктуры можа справакаваць новую дэвальвацыю ў Беларусі. Пра гэта ў сакавіку заявіў пастаянны прадстаўнік МВФ у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе Бас Бакер. Цяпер, з 9 па 13 ліпеня, у Беларусь накіроўваецца чарговая місія Фонду, з мэтай пракансультаваць беларускія ўлады як пазбегнуць гэтага сцэнару.

«Крэдытная падтрымка МВФ для Беларусі – вельмі важная з дзвюх прычынаў. Першая прычына – гэта найбольш танныя грошы. Пад такі нізкі адсотак, як МВФ, не пазычае грошы ніхто ў свеце», – кажа старэйшы аналітык «АльПары» Вадзім Іосуб.

Але яшчэ важней, чым танныя грошы для Беларусі гэта – праграма рэформаў, якую Міжнародны валютны фонд распрацоўвае ў прывязку да крэдыту. Гэтыя праграмы накіраваныя на павелічэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі і выхаду яе з даўгавой ямы. На сённяшні дзень, аднак, новай праграмы Беларусі з МВФ не прадбачыцца. І гэтая місія едзе не на перамовы аб новай праграме, а толькі на азнаямляльна-кансультатыўны візіт.

«Паміж МВФ і Беларуссю няма поўнай згоды па наборы рэформаў, якія трэба праводзіць і па тэмпе гэтых рэформаў. Перадусім, гэта тычацца праблематыкі дзяржпрадпрыемстваў», – працягвае Вадзім Іосуб.

Сутнасць праблемы ў тым, што, у якасці перадумовы да новай праграмы МВФ патрабуе, каб беларускія ўлады перавялі дзяржпрадпрыемствы на камерцыйны прынцып працы, замест таго, каб субсідаваць іх за кошт грошай падаткаплатнікаў. Па-другое, фонд рэкамендуе павялічыць дапамогу па беспрацоўі да бюджэту спажывецкага мінімуму, аргументуючы, што гэта будзе танней, чым субсідаваць неэфектыўную занятасць у дзяржсектары. Трэцяя перадумова – вывад камунальных паслугаў на самаакупляльнасць. Улады ад усяго гэтага адмаўляюцца спасылаючыся на тое, што беларусы «не гатовыя да хуткіх рэформаў».

«Слухайце, я гатовы на любыя мерапрыемствы і на любыя рэформы. Але я тады задаў рытарычнае пытанне: ці вытрымаеце вы гэта?» – казаў у 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка.

Старэйшы аналітык «АльПары» Вадзім Іосуб адзначае: хаця дэвальвацыйны сцэнар, аб якім папярэджвае МВФ, у агляднай будучыні не прадбачыцца пры захаванні існай грашовай палітыкі, але надзвычай павольныя рэформы ў Беларусі вядуць да размарноўвання рэсурсаў і правальвання краіны ў даўгавую яму. Без рашучых захадаў, рэкамендаваных міжнароднымі крэдыторамі, падзенне коштаў на нафту, якое чакаецца ў бліжэйшыя год-два справакуе ў Беларусі новы віток рэцэсіі, беспрацоўя ды падзення прыбыткаў насельніцтва.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Viktor Drachev/TASS/ Forum

Глядзі таксама
Каментары