Трамп усё перагарне. У чым сутнасць новага сусветнага парадку?


Усіх амбасадараў ЗША адклікаць на радзіму, міжнародныя дамовы перагледзець – падобныя захады новага прэзідэнта ЗША яшчэ больш узмацняюць няпэўнасць на міжнароднай арэне. Лідарам замежных краінаў застаецца толькі чакаць, якія яшчэ крокі зробіць новая адміністрацыя наймагутнейшай краіны планеты ў пераглядзе дзейснага сусветнага парадку.

Злучаныя Штаты Амерыкі ўжо тры дні маюць новага прэзідэнта. Адныя лічаць, што гэта замала, каб даваць нейкія ацэнкі, іншыя – што прынамсі замежнапалітычныя акцэнты ўжо варта было б абазначыць.

Статус звышдзяржавы абавязвае

«Тыя, хто спадзяваўся падчас інаўгурацыйнай прамовы пачуць штосьці больш канкрэтнае ў пытаннях унутранай ці замежнай палітыкі, гэтага не пачулі. Мне падаецца, што ўнутраныя амерыканскія дыскусіі там усцяж вельмі моцна дамінуюць», – зазначыў Франк-Вальтэр Штайнмаер, Міністр Замежных Справаў Нямеччыны.

Першыя крокі ўжо зробленыя

Новая адміністрацыя ЗША адклікала амбасадараў з 80 краінаў свету. Гэтак рабілі і іншыя новаабраныя прэзідэнты краіны, аднак перш, чым вярнуць дыпламатаў на радзіму, шукалі ім замену, а не пакідалі месцы прадстаўнікоў пустымі. Не дадае аптымізму палітыкам і бізнесоўцам ва ўсім свеце і заява Трампа аб пераглядзе Паўночнаамерыканскага пагаднення аб свабодным гандлі (скарочана НАФТА) з канадскімі ды мексіканскімі калегамі.

«Хто-небудзь штосьці чуў пра НАФТА? А я правёў кампанію на тэзісах аб гэтым пагадненні. Мы збіраемся змяніць гэтую дамову, змяніць у пытаннях міграцыі ды бяспекі межаў», – запэўніў Доналд Трамп.

ЗША вядзе перамовы і пра перанос амерыканскай амбасады ў Ізраілі з Тэль-Авіву

У Іерусалім – заяўляюць у Белым доме. Палестынцы ж лічаць гэты крок небяспечным для мірнага працэсу на Блізкім Усходзе. Пастанова аб пераносе была прынятая яшчэ ў 1995-м годзе, але ні Клінтан, ні Буш, ні Оўбама не наважыліся зрэалізаваць ідэю.

«Мы спадзяемся, што спадар Трамп не будзе пераносіць амбасаду ў Іерусалім. Бо з ізраільскага гледзішча гэта цэласны горад – але гэта некарэктна і незаконна. Таму перанос амбасады будзе заўчасным і падарве мірны працэс», – даводзіць Махмуд Абас, кіраўнік палестынскай нацыянальнай адміністрацыі.

У сваю чаргу намесніца міністра ўнутраных справаў Ізраілю Цыпі Гатавэлі у інтэрвʼю радыё «ВВС» заявіла, што па выніках першай тэлефоннай размовы прэмʼера Ізраілю з Доналдам Трампам стала зразумела, цытата: «мы маем сапраўднага сябра ў Белым доме». Ды дадала, што ўжо адчувальны зрух да лепшага ў стасунках паміж краінамі, пасля некаторага пахаладання ў часы Барака Оўбамы.

Расея стала ў чаргу па сяброўства

Спадзяецца прынамсі на большае паразуменне з новым лідарам ЗША і Крэмль. Паводле міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова прынамсі ў некаторых пытаннях вонкавай палітыкі ў бакоў падобныя падыходы.

«У аснове сваіх дзеянняў на міжнароднай арэне Доналд Трамп высоўвае не ідэалогію, не спробы ўмяшальніцтва ў справы іншых краінаў. А прасоўванне карэнных інтарэсаў ЗША. І менавіта з такіх пазіцыяў і Расея вядзе сваю дзейнасць», – заявіў расейскі міністр.

Галоўнае пытанне – санкцыі ў адносінах да Расеі далёкая ад вырашэння

Некалькі сенатараў як з Дэмакратычнай, гэтак і з Рэспубліканскай партыяў у эфіры тэлеканалу «ABC» агучылі свае планы. Палітыкі маюць вынесці на галасаванне законапраект, які заблакуе магчымасць адмяніць санкцыі супраць Расеі асабіста Доналдам Трампам.

Юрый Салодкі, «Белсат», фота: Reuters / Forum