Аб'ектыў 14.06.2017 Трамп: Беларусь стварае небяспеку палітыцы ЗША


Праз 11 гадоў пасля ўвядзення Вашынгтонам санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца крытычнай. Таму з году ў год санкцыі працягваюцца. Не зрабіў выключэння і новы гаспадар Белага дому Доналд Трамп.

«Дзеянні і палітыка прадстаўнікоў уладаў Беларусі і шэрагу іншых асобаў падрываюць дэмакратычныя працэсы ды інстытуты ў Беларусі, парушаюць правы чалавека праз палітычныя рэпрэсіі, спрыяюць карупцыі. Гэта стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы ды замежнай палітыцы Злучаных Штатаў», – падкрэсліў прэзідэнт ЗША.

Паведамленне з такою фармулёўкаю Доналд Трамп скіраваў у Кангрэс

Санкцыі застануцца ў сіле да чэрвеня 2018-га года. У беларускім МЗС абурыліся і гэткае рашэнне Вашынгтону патлумачылі, цытата «састарэлымі і неабʼектыўнымі стэрэатыпамі ў дачыненні Беларусі». Але ці такі састарэлы і ці такі стэрэатып?

Пра адваротнае сведчаць самыя апошнія даклады Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША і няўрадавай арганізацыі «Human rights watch». Вось толькі некаторыя сярод апісаных у дакументах злоўжыванняў: пераслед грамадзянскай супольнасці, адвольныя неабгрунтаваныя затрыманні, ціск на недзяржаўныя медыі, залежнасць судовай сістэмы.

«Відавочна, Злучаныя Штаты далёка, яны не могуць цалкам памяняць паводзіны ўладаў Беларусі, можа быць яны сёння і не маюць такіх задачаў, але яны хочуць выказаць сваё стаўленне да тых крокаў, якія скіраваныя на абмежаванне дэмакратычных свабодаў», – тлумачыць дзеянні амерыканскіх палітыкаў палітолаг Алесь Лагвінец.

Больш дэмакратыі – менш санкцыяў

Пры гэтым у 2015 годзе Вашынгтон адрэагаваў і на пэўную палітычную адлігу ў Беларусі – вызваленне палітвязняў і спакойныя прэзідэнцкія выбары. З тае пары застаюцца ў сіле санкцыйныя паслабленні ў дачыненні дзевяці беларускіх кампаніяў: «Белнафтахім», «Нафтан», «Белшына», «Гродна Азот» і іншыя. Гэтыя прадпрыемствы могуць, хоць і з абмежаваннямі, гандляваць з амерыканскімі кампаніямі.

Поўны санкцыйны спіс пад сакрэтам

Але з ранейшых звестак вынікае, што пад абмежаванні трапляюць Аляксандр Лукашэнка, ягоны сын Віктар, шэраг міністраў, кіраўніцтва КДБ і Рады бяспекі, старшыня Цэнтрвыбаркаму. То бок тыя пасадоўцы, што спрычыніліся да парушэнняў правоў чалавека.

Якасных зрухаў бракуе не толькі ў дэмакратызацыі Беларусі, але і ва ўласна беларуска-амерыканскіх дыпламатычных дачыненнях. Усцяж пад пытаннем застаецца вяртанне амерыканскага амбасадара ў Менск.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Кevin Lamarque / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары