Сёння ў бітумнай яме гіне жывёла, заўтра – людзі?


Калі выбіраеш надзел для пабудовы дому, заўсёды важным фактарам з’яўляецца наваколле – прырода, суседзі, адлегласць ад гораду. Але часам калі ўсё выглядае добра, дом мары можа прыпаднесці непрыемны сюрпрыз.

Пабудаваўшы жытло на ўскрайку Рэчыцы, што на Гомельшчыне, Ігар Чараднік споўніў сваю мару аб уласным доме. Ціхае і зялёнае месца, а разам з тым у межах гораду. Але надзел, на якім пабудаваўся Ігар, аказаўся не такі ідэальны, як здаваўся спачатку: на тэрыторыі двара гаспадар выявіў бітумную яму.

«Заўсёды жыў у сваім доме, пабудаваў свой дом. Пра гэта я нават не ведаў. Як сутыкнуўся вось з гэтым вось, вядома, мне гэта не вельмі падабаецца, тое, што гэта тут. Як распавядаюць старажылы, што гэта гадоў 20 тут, і ніяк гэта прыбраць не могуць», – распавядае жыхар Рэчыцы Ігар Чараднік.

Да з’яўлення тут бітумнае сажалкі спрычыніўся колішні мясцовы завод мастацкай керамікі. Рамантавалі адзін з карпусоў прадпрыемства, рэшткі даху, пакрытыя смалою, скінулі ў ачысны адстойнік. І вось вынік: заводу дваццаць гадоў як няма, затое ўтварылася бітумная яма. Зліквідаваць яе мясцовыя жыхары спрабавалі сваймі сіламі: закідвалі смеццем, засыпалі зямлёй, але праз нейкі час бітум выходзіў на паверхню. Улады абяцаюць людзям зліквідаваць бітумнае возера, але да справаў пакуль не даходзіць.

«Галоўны землямер Рэчыцкага раёну Астапенка Вольга Васілеўна таксама гэта бачыла, гэта зямля адносіцца да Рэчыцы і да Рэчыцкага раёну, і яна бачыла, і мы прасілі, каб гэта ўсё прыбралі, але, як кажуць, воз і цяпер там», – запэўнівае грамадскі актывіст Яўген Жукаў.

Паразмаўляць з чыноўнікамі журналісты «Белсату» не змаглі: на тэлефонныя званкі прадстаўнікі Рэчыцкага Жылкамгасу або не адказвалі, або перакідалі праблему адзін на другога. Быццам бы не разумелі, што бітумная яма – сурʼёзная пагроза бяспецы.

«Тут справа ў тым, што, калі сам наступіў, ужо не мог дастаць адтуль, зразумела, што дзіця калі наступіць, то ўсё, давядзецца не толькі сабакаў даставаць, але і дзяцей», – кажа Ігар Чараднік.

Гаворка пра шчаня, якое трапіла ў палон бітумнай пасткі. З дапамогаю МНС яго вызвалілі ды адвезлі ў ветклініку, але ўратаваць сабаку жыццё не ўдалося. Цяпер мясцовым жыхарам застаецца толькі чакаць, бо знайсці адказных за ўчыненае 20 гадоў таму амаль немагчыма, а ўлада адказнасць браць на сябе не спяшаецца.

Міхась Слаўнікаў, «Белсат»