Сын блогера, які здымаў парушэнні ПДР бабруйскімі ДАІшнікамі, выйшаў з турмы


Прэсінг адміністрацыі калоніі, галадоўка, пазбаўленне перадач і спатканняў з роднымі, штрафны ізалятар – так адбываюць пакаранне ў Беларусі. Сын блогера Алега Жалнова адбыў тры гады зняволення, паводле следства, за напад на ДАІшніка, паводле ж самога блогера – за тое, што дапамагаў бацьку выкрываць парушэнні міліцыі.

Аляксей Мілюкоў на волі. Апошні год сын бабруйскага блогера Алега Жалнова правёў у папраўчай калоніі № 9 у Горках, вядомай рэпрэсіўным стаўленнем да зняволеных. За гэты час на Аляксея наклалі амаль два дзясяткі спагнанняў, у тым ліку, напрыклад, за адсутнасць вопраткі, якую яму мелі выдаць у калоніі.

«Спрабаваў азнаёміцца з матэрыяламі праверак пра спагнанні і кожны раз у супрацоўнікаў калоніі знаходзіліся прычыны, каб мне іх не выдаць – то матэрыялы ў пракуратуры, то ў судзе, то яшчэ нейкія прычыны», – распавядае бацька Аляксея.

Праз здзекі ў калоніі Аляксей Мілюкоў абвяшчаў галадоўку, апошнія два месяцы зняволення маладзён правёў у штрафным ізалятары. За прынцыповую пазіцыю Аляксея ўлады калоніі каралі ўвесь гэты час не толькі яго самога, але і іншых зняволеных, якія спрабавалі з ім кантактаваць.

«Усе гэтыя людзі, што са мной з цікаўнасці размаўлялі – яны ўсе потым атрымалі дысцыплінарныя спагнанні – ім давалі ШІЗА ці пазбаўлялі пасылкі ці давалі вымову ці пазачарговае дзяжурства. На ўсе спосабы адгарожвалі ўсіх ад мяне», – кажа Аляксей Мілюкоў.

Канфлікт з працаўнікамі ДАІ здарыўся 4 верасня 2013-га, калі Алег Жалноў разам з сынам Аляксеем здымалі парушэнне правілаў дарожнага руху бабруйскімі даішнікамі. Прыцягнуць да адказнасці Алега не атрымалася, тады пачалі справу супраць ягонага сына.

У ліпені 2014-га суд прызнаў 25-гадовага Аляксея Мілюкова вінаватым у нанясенні маральнай і фізічнай шкоды працаўніку ДАІ. А ў верасні 2016-га года маладзёна, які адбываў тады «хімію» ў Наваполацку, асудзілі нібыта за ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі і змясцілі ў Горацкую калонію.

ІД, «Белсат»