Такую інфармацыю агучваюць у Следчым камітэце адносна праваахоўніка, які насмерць збіў чалавека ў Смалявіцкім раёне. Сведкі сцвярджаюць, што жанчына ішла па пераходзе, міліцыянт – што па-за ім. Вынікі экспертызы маюць быць гатовыя больш як праз месяц ад здарэння. Але шмат хто ў справядлівае следства не верыць.
Штодня раніцою з дому – на прыпынак, каб паехаць на працу, а ўвечары з працы – дахаты, тою ж дарогаю. Гэтак цягам 30 гадоў Ірына Мельнічук з роднай вёскі Крывая Бяроза аўтобусам дабіралася да Смалявічаў. Але перад Новым годам 49-гадовая жанчына дадому не вярнулася. У гэтым месцы яе збіла машына.
«Я ёй тэлефанаваў, кажу, ты дзе затрымалася? Яна кажа, усё, Маскоўскую пераходжу, хутка перайду. Вось і ўсе справы. Не дайшла», – узгадвае грамадзянскі муж Ірыны.
Ён не быў п’яны, дый збегчы з месца здарэння не спрабаваў. Тады чаму праваахоўныя органы пра наезд паведамілі толькі праз тыдзень пасля трагедыі?
«Такая сістэма ўжо даўно ўстаялася, каб прыкрываць сваіх – кругавая парука. Я тлумачу адным, каб не пакараць таго, хто вышэй стаіць. Ён пакарае наступнага. Ім прасцей замяць, канешне», – кажа былы следчы Алег Волчак.
Вестка пра забойцу-міліцыянта хутка разнеслася па сацыяльных сетках ды трапіла ў незалежныя медыі.
«Кажуць, у яго тата пракурор… Прабачце. Я не ведаю, але яна была вельмі добрая жанчына», – дзеліцца суседка загінулай.
Вельмі акуратная, дысцыплінаваная і ніколі не парушала Правілаў дарожнага руху – ва ўнісон сцвярджаюць усе знаёмыя Ірыны. Улучаны ліхтарык знайшлі побач з целам жанчыны.
Відавочцы пацвярджаюць, што Ірына ішла па пераходзе, дарогу ёй саступіла адно аўта, аўтамабіль жа міліцыянта не прытармазіў і на вялікай хуткасці збіў жанчыну. На месца здарэння прыехала не толькі патрульная служба, але і бацька кіроўцы-міліцыянта. Таксама праваахоўнік, ён паспрабаваў схаваць пагрозлівыя для ягонага сына доказы, кажуць сведкі.,
Гэта і змушае шараговых беларусаў сумнявацца ў справядлівым следстве ў справах, дзе падазраваны – міліцыянт.
«Пакрываюць канешне ж службовыя злачынствы, каб было менш пытанняў».
«Цяжка з органамі змагацца. Калі нехта адукаваны – дойдзе да канца, а так цяжка».
«Лепш было б, каб яны сядзелі ў турме, чым на волі. Бо яны таксама гінулі – атрымлівалі тую ж сітуацыю, якую стваралі людзям».
«Гэта рэзанансная справа і па такіх рэзанансных справах павінна быць адпаведнае пакаранне».
– мяркуюць жыхары Менску.
Напрыканцы лістапада выканальнік абавязкаў кіраўніка Баранавіцкага ДАІ насмерць збіў 36-гадовую жанчыну. Міліцыянт быў нецвярозы. У адносінах да абодвух праваахоўнікаў завялі крымінальныя справы, судовы вырак якіх будзе залежаць ад фактаў, што пададуць іншыя міліцыянты.
Вольга Старасціна, «Белсат»