Аб'ектыў 10.07.2018 Судзяць журналіста, яму пагражае 6 гадоў турмы


Вяртаўся на Радзіму, аднак быў затрыманы на мяжы, правёў за кратамі два з паловай месяцы, цяпер – пагражае да 6 гадоў турмы. У Менску распачаўся суд над вядомым журналістам і блогерам Змітром Галком, яго вінавацяць у збіцці міліцыянта.

Сам журналіст сваю віну не прызнае, а пацярпелы праваахоўнік ужо выставіў абвінавачанаму матэрыяльны пазоў. Пра першы дзень суда ў гэтай справе – у нашым матэрыяле.

Жадаючых падтрымаць журналіста Змітра Галка невялікая зала Савецкага раённага суда сталіцы ледзь змясціла. Палітык Мікола Статкевіч, які завітаў на першае паседжанне, лічыць гэтую справу палітычнай:

«А калі справа палітычна матываваная, то гэта палітвязень. Я такога меркавання прытрымліваюся яшчэ і таму, што Зміцер – адзін з нямногіх сапраўды незалежных журналістаў».

Зміцер Галко вядомы не толькі сваймі рэпартажамі з Данбасу, за якія атрымаў нямала журналісцкіх прэміяў. У сваіх артыкулах, надрукаваных у «Новым часе», на сайце Радыё «Свабода», на «Беларускім партызане», ён закранаў балючыя тэмы беларускага грамадства.

«Ён шмат пісаў на міліцэйскія тэмы, па выбуху ў метро, па справе анархістаў. І гэта заўсёды было не ўразрэз з афіцыйнымі міліцэйскімі версіямі», – кажа бацька бацька журналістка Мікалай Галко.

На судзе пацярпелымі ад дзеянняў Галко выступаюць міліцыянты Юры Чырыкаў і Вадзім Казаноўскі. Першага з іх, як даводзіць следства, журналіст ударыў па руцэ і два разы – па галаве. А яшчэ нецэнзурна лаяўся, не хацеў пускаць у кватэру і выбіў з рукі мабільны тэлефон, які ў выніку разбіўся. На судзе пацярпелы Чырыкаў заявіў да Галка матэрыяльны пазоў на агульную суму тысяча рублёў – 850 рублёў кампенсацыі за маральную шкоду і 150 – за разбіты тэлефон.

«Супярэчнасцяў у паказаннях пацярпелых Чырыкава і Юрыя Юр’евіча, які жыве на бульвары Талбухіна, 16, столькі, што іх заўважыў нават суддзя», – кажа сябра журналіста Уладзь Рымша.

Аднак супярэчнасцяў не заўважыла следства.

«То яго штурхалі, то яго цягнулі, то ён ляжаў на жываце, то ён ляжаў на спіне да гары нагамі», – працягвае Уладзь Рымша.

Канфлікт з міліцыянтамі ў Змітра Галко здарыўся ў лістападзе летась. Журналіст святкаваў разам з сябрамі сына ягонае 15-годдзе, калі ў кватэру пазваніў участковы міліцыянт. Паводле версіі абвінавачання, журналіст быў нападпітку, алкаголь выпівалі і падлеткі. Галко нібыта піхаў участковага, а калі праваахоўнік паваліў на падлогу ягонага сына ўдарыў праваахоўніка па галаве. У выніку Галка разам з сынам брутальна затрымалі. Журналіста аштрафавалі за «дробнае хуліганства», аднак неўзабаве распачалі крымінальную справу – за гвалт у дачыненні да міліцыянта.

«Выкарысталі момант. Пакаралі адміністратыўна, а потым пабачылі, што можна »прышыць« больш сурʼёзнае абвінавачанне», – мяркуе Мікалай Галко.

Неўзабаве пасля інцыдэнту Зміцер Галко зʼехаў ва Украіну. У ноч на 22 красавіка журналіст вяртаўся на Радзіму, каб развязаць пытанні з падатковай інспекцыяй – на беларускай мяжы яго затрымалі праваахоўнікі. Родныя і блізкія Змітра спадзяюцца, што абвінаваўчы прысуд, калі яго і абвесцяць, не будзе суворым: максімальнае пакаранне, якое пагражае журналісту паводле абвінавачання – 6 гадоў зняволення.

Віталь Бабін, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары