Аб'ектыў 16.03.2018 Стала вядома, хто з кім згуляе ў чвэрцьфінале Лігі Чэмпіёнаў


Футбол

Лёсаванне чвэрцьфінальнай стадыі еўракубкавых турніраў адбылося сёння ў швейцарскім Ньёне. Спачатку пра сваіх супернікаў даведаліся ўдзельнікі галоўнага клубнага спаборніцтва Старога свету – Лігі чэмпіёнаў. Ужо на гэтым этапе краіны не разводзіліся па розных кошыках, што ў выніку прынесла нам англійскае дэрбі -«Ліверпул» / «Манчэстэр Сіці».

«Барсэлона» згуляе з «Ромаю», якая з цяжкасцю трапіла на гэты этап. «Сэвілья», якая пакінула за бортам 1/4-ай «Манчэстэр Юнайтэд», паспрабуе даць бой і мюнхенскай «Баварыі». Самым інтрыгоўным супрацьстаяннем будзе дуэль «Ювэнтусу» і «Рэалу», якія ў мінулым сезоне гулялі паміж сабой у фінале Лігі чэмпіёнаў. Тады «каралеўскі клуб» разграміў «старую сеньёру» 4: 1. Першыя сустрэчы адбудуцца 3-га і 4-га красавіка.

У Лізе Еўропы адзіны клуб з постсавецкай прасторы – маскоўскі ЦСКА Віктара Ганчарэнкі – атрымаў у апаненты лонданскі «Арсенал». Ліга Еўропы – апошні шанец «кананіраў» выратаваць правальны ў шмат якіх сэнсах сезон і прабіцца ў Лігу чэмпіёнаў. Крыўдзіцель кіеўскага «Дынама», «Ляц’ё» згуляе з «Зальцбурґам», яшчэ дзве пары склалі «Атлетыка» / «Спортынг» і «Ляйпцыг» / «Марсэль». Тут стартавыя сустрэчы 1/4-ай фіналу пройдуць 5-га красавіка.

Тэніс

19-ая ракетка свету Дар’я Касаткіна даволі нечакана прабілася ў паўфінал тэніснага турніру ў Індыян-Ўэлзе. У 1/4-ай расяянка раскатала – 6:0, 6:2 дзявятую ў рэйтынгу ВТА немку Анжэлік Кербэр. Суперніца Касаткінай вызначалася ў двубоі паміж Вінус Ўільямз і Карлай Суарэс Навара.

Хакей

Менскае «Юнацтва» ў цікавым і непрадказальным першым матчы паўфінальнай серыі Экстралігі хакейнага чэмпіянату краіны здолела атрымаць хатнюю валявую вікторыю над салігорскім «Шахцёрам» 4:3.

Паралімпіяда

Чарговы медаль заваявалі беларусы на Паралімпіядзе ў Пхёнгчхангу. Бронзавую ўзнагароду здабыла Лідзія Графеева, якая фінішавала трэцяй у біятлоннай гонцы на 12 з паловаю кіламетраў для атлетаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату. У агульнакамандавым заліку Беларусь з дзесяццю медалямі займае восьмы радок, лідаруе па-ранейшаму ЗША, у іх актыве 23 узнагароды.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Pierre Albouy / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары