Аб'ектыў 12.09.2018 Справа Коржыча: Гвалт з боку следства ўзамен за дзедаўшчыну


Працягваецца суд у справе жаўнера Аляксандра Коржыча, які сёлета загінуў у вайсковай частцы ў Печах. Сёння слухалі яшчэ дваіх абвінавачаных сяржантаў – Яўгена Бараноўскага і Ягора Скуратовіча. Спачатку здзекаваліся з чалавека, а цяпер самыя падчас допытаў даведаліся, што такое ціск і здзекі – такія падрабязнасці высвятляюцца падчас чарговых судовых паседжанняў у справе загінулага жаўнера Аляксандра Коржыча. Сітуацыя абрастае новымі падрабязнасцямі ды робіцца ўсё менш зразумелая.

Яўген Бараноўскі заявіў, што змяніў пачатковыя паказанні ў выніку ціску з боку сілавікоў. Паводле праваабаронцаў, да іх яшчэ раней звярталіся родныя затрыманых і паведамлялі, што на іх аказваўся ціск з мэтаю атрымання патрэбных паказанняў. У той жа момант паказанні Бараноўскага змяніліся толькі ў дачыненні да маштабаў нестатутных адносінаў, а не самога іх факту.

Сітуацыю пракаментаваў Ігар Ільяш, журналіст «Белсату»:

«Ён казаў, што яго прывозілі ў КДБ, там спачатку з ім размаўляў падпалкоўнік па форме, потым ён выходзіў, заходзілі людзі ў цывільным. Яны на яго крычалі, бралі за грудкі, трэслі. І вось, як ён сам казаў, што ён паплыў, спужаўся».

Абвінавачаныя цалкам прызнаюць, што ў частцы былі нестатутныя адносіны: існавала сістэма пабораў грошай з вайскоўцаў за карыстанне мабільнымі тэлефонамі, а таксама ад’ёму харчоў. Гэтымі харчамі сяржанты дзяліліся і з афіцэрамі. Не абыходзіліся і без фізічнага гвалту ў дачыненні іншых вайскоўцаў.

«Гэта з‘ява татальная. Бо нават вайскоўцы не лічылі гэта нейкаю хібай, нейкім адхіленнем ад нормы. Так было заведзена, і яны не адчуваюць у гэтым нейкай сваёй памылкі, у саміх нестатутных адносінах» – працягвае Ігар Ільяш, журналіст «Белсату».

То бок калі нічога незвычайнага ў гвалце над саслужыўцамі абвінавачаныя не бачаць, гвалт з боку следства ўспрымаецца імі рэзка негатыўна. У той жа момант, пакуль разглядаюцца абвінавачанні ў дачыненні да сяржантаў, у грамадскасці ўзнікаюць сур’ёзныя пытанні да вайсковага кіраўніцтва, якое дапусціла і, гледзячы па апошніх навінах, працягвае дапускаць нестатутныя адносіны ў войску. Меркаваннем падзяліліся жыхары Гомля:

«Напэўна, у гэтым сістэма вінаватая».

«Не можа сама сябе сістэма караць. Гэта сістэма, яна не будзе… Ну, зробяць выгляд. Стрэлачнікі будуць пакараныя».

«Не ў той краіне жывём, каб каралі такіх».

«Я ўвогуле ў палітыку нашай дзяржавы не веру!»

Такое стаўленне грамадскасці – даволі паказальны момант у гэтай сітуацыі. І яно яўна не палепшыцца на фоне новых цёмных справаў у беларускім войску – смерцяў вайскоўцаў пад Слонімам і Горадняй, якія неафіцыйна таксама звязваюць з нестатутнымі адносінамі, пакуль Міністэрства абароны спрабуе заяўляць пра «глыбока асабістыя прычыны».

«Уладам не выгадна прызнаць, што армія пранізаная карупцыяй, дзедаўшчынай. Таму робіцца ўсё, каб прыцягнуць да адказнасці мінімальную колькасць абвінавачаных і з «малымі зоркамі» – скаментаваў Алег Волчак, «Прававая дапамога насельніцтву».

На меркаванне адмыслоўцаў, нізкі давер да дзейнай улады і ўзброеных сілаў Беларусі выкліканы закрытасцю сілавых структураў і непразрыстасцю прыняцця рашэнняў. Апроч таго, ёсць і пытанні да прафесійнасці кадраў. Паводле Мінабароны, каб трапіць у Ваенную акадэмію, абітурыент з магчымых 400 балаў на некаторыя спецыяльнасці, напрыклад, кіраванне падраздзяленнямі ракетных войскаў і артылерыі, можа набраць усяго 100.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары