Спачатку бацька, потым сын. Як Паставамі кіруе сямейная дынастыя


Паставы – горад невялікі, тысяч на 20 гараджанаў. Але гістарычны, прыцягвае турыстаў, што едуць праз Паставы на Браслаўскія азёры, старажытнай архітэктурай. У траўні тут зʼявілася яшчэ адна цікавостка часоў феадальнага грамадства: кіраўнік раёну, чый бацька таксама быў кіраўніком раёну.

Сяргей Чэпік, сын Васіля Чэпіка, да нядаўна ўзначальваў сельскагаспадарчую фірму «Кураполле-агра». Прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам пры поўнай згодзе раённага савету. Заступіўшы на пасаду, паабяцаў, што рэвалюцыйных зменаў у раёне не будзе.

Бацька быў мясцовым дыктатарам

Ягоны бацька Васіль Чэпік кіраваў райвыканкамам 17 гадоў, пачаўшы яшчэ першым сакратаром райкаму КПСС. Загінуў у 2000-м годзе ў аўтамабільнай аварыі. Чэпіка-старэйшага памятаюць у тым ліку і як аўтарытарнага чалавека, які не цярпеў іншадумства, з-за чаго нямала мясцовых апазіцыйных актывістаў страціла працу.

«Са старым я ў канфлікце быў… Ён зрабіў, каб я з працы сышоў. І ён зрабіў невыносныя ўмовы працы. А я быў дэпутатам райсавету», – узгадвае Міхаіл Гіль, мясцовы грамадскі актывіст.

І вось Лукашэнка паставіў кіраваць раёнам сына старога партсакратара. З людзьмі ніхто не раіўся.

Рыба гніе з галавы

«Пасадоўцаў у Беларусі прызначаюць не паводле прафесіяналізму, нейкіх крытэраў, якія б дапамагалі вырашаць праблемы краіны, а паводле прыхільнасці да галоўнага правадыра», – тлумачыць Віктар Карняенка, былы намеснік кіраўніка Гомля.

Віктар Карняенка працаваў у Гомельскім гарвыканкаме яшчэ ў часы выбарнасці мясцовай улады.

«Рыба гніе з галавы. Усё пачынаецца ад галоўнага кіраўніка краіны, які таксама дзяцей пасадзіў вакол сябе, называючы гэта працоўнай дынастыяй. Насамрэч гэта ніякая не працоўная дынастыя, а нахабства чалавека, які выкарыстоўвае сваё службовае становішча і на патрэбы сваёй сямʼі», – упэўнены спадар Карняенка.

Віктар Лукашэнка ўваходзіць у Савет бяспекі Беларусі, працуе, між іншага, з экспартам беларускай зброі за мяжу. Дзмітрый Лукашэнка кіруе прэзідэнцкім спартовым клубам, таксама займаецца экспартам беларускай тэхнікі. Мікалай Лукашэнка няпоўнагадовы, таму пакуль нічога не ўзначальвае.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»