Слуцк: незвычайны пікет прыцягнуў увагу міліцыі


Сэнсу ўдзельнічаць у выбарах няма, бо лічбы і так напішуць, але выкарыстаць магчымасць, каб данесці свае ідэі да суграмадзян – варта. Актывісты руху «Дзея» зладзілі нестандартны пікет у Слуцку – апроч збору подпісаў, жыхарам раённага цэнтру нагадалі пра Слуцкі збройны чын ды надыходзячы стогадовы юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі.

Замест збору подпісаў – банеры пра Слуцкі збройны чын і Беларускую Народную Рэспубліку. Гэтак актывісты грамадскага руху «Дзея» нагадалі жыхарам Слуцку пра тое, што іхныя продкі спрычыніліся да незалежнасці нашай Бацькаўшчыны.

«Мы карыстаемся гэтай магчымасцю, каб нагадаць случчакам пра іх годнае мінулае, пра іх продкаў – герояў. Таксама сёлета стагоддзе БНР, таму мы святкуем сёння», – кажа актывіст руху «Дзея».

Жыхары Слуцку пра ініцыятыву:

«Ведаю пра беларускі збройны чын, ведаю герояў гэтага паўстання. І лічу, што мы павіны ведаць нашую гісторыю».

«Не, не, гэта не маё. Я пры іншай уладзе выхоўвалася, а не пры БНР. Я не за іх».

«Гісторыю забываць нельга ні ў якім выпадку. Абавязкова трэба памятаць і каб моладзь ведала».

Пікет не застаўся па-за ўвагаю мясцовых міліцыянтаў.

Арганізатарам пікету давялося тлумачыць міліцыі, што ўсё ў межах выбарчага заканадаўства.

«Няма празрыстага падліку галасоў, магчыма не будзе той жа яўкі. Бо людзі неяк цікавяцца моцна выбарамі, ведаюць, што гэта па сутнасці нічога не змяняе. То заклікаць людзей на выбары крыху несумленна», – кажа актывістка руху «Дзея» Аліна Нагорная.

А можа самі выбарнікі іншай думкі?

«Дэпутаты нічога не вырашаюць, іх прызначаюць і гэта бессэнсоўна», – мяркуе жыхар Слуцку.

Пасля збору подпісаў – час, каб зарэгістраваць кандыдатаў. Пасля рэгістрацыі пачнецца агітацыя, якая скончыцца за дзень да выбараў, то бок 17 лютага. Ня ўсе патэнцыйныя кандыдаты працягнуць перадвыбарчую гонку, некаторыя спыняць дзейнасць на ўласнае жаданне.

Наста Ільіна «Белсат»